Маці Ігара Пцічкіна атрымала адказы на свае скаргі
Маці загінулага ў жніўні 2013 году ў СІЗА на Валадарскага Ігара Пцічкіна, атрымала адказы на свае скаргі са Следчага камітэту і Генеральнай пракуратуры.
Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь паведаміў, што скарга аб нязгодзе з хадой расследавання крымінальнай справы па факце смерці Ігара Пцічкіна разгледжаная.
Папярэдняе следства па гэтай справе працягваецца, таму падставаў для адмены падпіскі аб неразгалошванні ў дачыненні да яе няма, – кажа Жана Пцічкіна.
– Маю скаргу накіравалі не ў рэзідэнцыю Лукашэнкі, а ў пракуратуру. Цяпер Генеральная пракуратура чытае гэтую справу – 21 папкі. Справа ў пракуратуры, экспертыза скончаная – гэта ўсё, што я магу сказаць.
У канцы ліпеня 2013 года Ігар Пцічкін прыбыў у Заводзкі РУУС, адкуль яго накіравалі для адбыцця пакарання ў СІЗА № 1. 4 жніўня родным паведамілі, што Ігар Пцічкін памёр у СІЗА на Валадарскага. Паводле папярэдняй версіі, смерць наступіла ад спынення сэрца. На целе Пцічкіна былі шматлікія драпіны і гематомы.
* * *
Спынілася сэрца – прычына не выяўлена, – такі афіцыйны вынік экспертызы прычынаў смерці 21 гадовага Ігара Пцічкіна, які ў невысветленых абставінах, але са слядамі збіцця на целе, памёр у СІЗА на Валадарцы.
Эксперты разглядалі тры верагодныя прычыны спынення сэрца Ігара Пцічкіна: з-за хваробы, з-за ўздзеяння наркотыкаў і ў выніку атрымання цялесных пашкоджанняў.
Маці нябожчыка Жана Пцічкіна:
– Тое, што яны напісалі, Юля раней напісала, поўнасцю абвяргаюць таму, што экспертыза не паказала ні алкаголю, ні наркаманіі. Яны праверылі яго на ўсе наркотыкі, на спайсы, на самыя моцныя, на ўсё. Я на гэта давала падпіску, каб яны праверылі – нічога, што б яны там не правяралі – нічога не знайшлі. Чаму Юлія Ганчарова такія паказанні дала, я не ведаю. Хоць следства і працягваецца, хоць у экспертызе пішуць: “Мы не ведаем, адкуль гэтыя сінякі. Мы не ведаем, чыму спынілася сэрца”. А вось Юлія Ганчарова ведае, калі спынілася сэрца.
Блізкія Ігара Пцічкіна лічаць, што ён памёр ад збіцця ахоўнікамі, і адзначалі сляды збіцця на целе нябожчыка.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя