Следчы камітэт пачаў крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандры Герасімені
Следчы камітэт паведаміў аб пачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да вядомай плыўчыхі, кіраўніка Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара фонду, заснавальніка гандбольнага клуба „Віцязь” Аляксандра Апейкіна.
„Паводле дадзеных следства, вышэйназваныя асобы ў жніўні 2020 года стварылі так званае аб’яднанне „Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці”, абвясціўшы яго мэтамі аказанне фінансавай і юрыдычнай дапамогі спартсменам, прыцягнутым да адказнасці за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь. На справе Герасіменя і Апейкін, з’яўляючыся адпаведна старшынёй і выканаўчым дырэктарам, распаўсюджвалі заведама лжывыя звесткі аб ходзе і выніках выбарчай кампаніі, пра падзеі ў сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай і культурнай сферах жыцця грамадства”, — гаворыцца ў паведамленні СК.
„У інтэрнэце і сродках масавай інфармацыі звярталіся з заклікамі да замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый аб учыненні дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”, — сцвярджаецца ў рэлізе.
„У прыватнасці, — прыводзіць прыклад СК, — пад націскам членаў вышэйназванага „аб’яднання” з Беларусі перанесены шэраг буйных спартыўных мерапрыемстваў (верагодна, гаворка пра чэмпіянат свету па хакеі. — БелаПАН.). У выніку дзеянняў Герасімені і Апейкіна, а таксама іншых асоб нанесены значны іміджавы і фінансавы ўрон, падарваны прэстыж краіны на міжнароднай і палітычнай арэне, дыскрэдытавана кіраўніцтва спартыўнай галіны і дзяржавы”.
„Дзеянні членаў так званага БФСС следчымі кваліфікаваныя паводле ч. 3 арт. 361 (заклікі да ўчынення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Санкцыя артыкула прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да 5 гадоў”, — гаворыцца ў паведамленні.
Па крымінальнай справе „праводзяцца неадкладныя следчыя і працэсуальныя дзеянні”.