Следчы камітэт вярнуў тэхніку „Белсату”



Пра гэта напісала на сваёй старонцы ў Facebook дырэктар каналу Агнешка Рымашэўская.

Журналіст Мікола Дзябёла, які быў у офісе падчас ператрусу, распавёў, што следчыя забралі два сістэмныя блокі кампутараў, тры ноўтбукі, усе носьбіты інфармацыі.

Мікола Дзябёла мяркуе, што ператрус і крымінальная справа могуць быць звязаныя з выбарчымі кампаніямі, што маюць адбыцца ў Беларусі.

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч пацвердзіў, што вобшук праводзіўся ў межах расследавання справы паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэкса — паклёп.

Летам 2018 года журналіст Алесь Залеўскі падрыхтаваў відэасюжэт пра карупцыю ў Міністэрстве аховы здароўя, дзе паведамлялася пра затрыманне кіраўніка дзяржпрадпрыемства «Медтехноцентр» Алега Шведа.

Але тэкставая версія на сайце тэлеканала не адпавядала відэа. У тэксце паведамлялася, што затрыманы не толькі Алег Швед, але і яго брат Андрэй, кіраўнік Дзяржкамітэта судовых экспертыз.

— Мы адразу, як заўважылі, далі абвяржэнне, выправілі памылку. Але Андрэй Швед напісаў заяву на імя Шуневіча з патрабаваннем прыцягнуць мяне да адказнасці па двух крымінальных артыкулах — паклёп і дыскрэдытацыя дзяржаўных органаў, — патлумачыў Залеўскі.

baj.by