Следчы камітэт вярнуў Таццяне Каравянковай частку канфіскаваных рэчаў



Журналістцы інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяне Каравянковай, якая з’яўляецца падазронай па „справе БелТА”, 27 верасня падчас чарговага допыту ў Следчым камітэце вярнулі частку канфіскаваных рэчаў: тэлефоны яе і маці, назапашвальнік, флэшкі. На экспертызе застаецца ноўтбук.

„У найбліжэйшыя тыдні абяцалі прад’явіць мне абвінавачанне”, — паведаміла Каравянкова на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы „Фэйсбук”.

У чацвер на допыт у СК выклікаліся таксама в.а. дырэктара БелаПАН Дзмітрый Наважылаў, адміністратар сайта Раман Салікаў, супрацоўнік партала tut.by Дзмітрый Бобрык, беларускі карэспандэнт радыёстанцыі „Нямецкая хваля” Паўлюк Быкоўскі.

Быкоўскі паведаміў „Нямецкай хвалі”, што яму вярнулі „яшчэ адзін жорсткі дыск, яшчэ адзін нетбук і дыктафон”. У следства застаюцца працоўны ноўтбук журналіста і планшэты яго дачкі.

7 жніўня Следчы камітэт паведаміў пра ўзбуджэнне ў дачыненні да шэрагу журналістаў, у асноўным недзяржаўных мас-медыя, справы па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, ажыццёўлены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды).

Нагодай для ўзбуджэння крымінальнай справы стаў зварот РУП „БелТА” ў сувязі са збоямі пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія падаваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго заказчыкаў. Паводле паведамлення СК, у ходзе праверкі супрацоўнікамі МУС „выяўлены шматлікія факты неправамернага доступу да камп’ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з’яўляецца БелТА”.

„У выніку ўчыненага злачынства РУП „БелТА” нанесена істотная шкода, якая выразілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад старонняга доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да дадзенай супрацьпраўнай дзейнасці датычныя службовыя асобы выдавецкага дома „Беларуская навука”, ЗАТ „БелаПАН” , ТАА „ТутБай Медыя”. Сёння па падазрэнні ва ўчыненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова”, — паведамляла тады прэс-служба СК.

У рэдакцыях незалежных СМІ і ў некаторых журналістаў і рэдактараў 7—9 жніўня прайшлі вобыскі. Былі таксама затрыманыя галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына, рэдактары ТАА „ТутБай Медыя” Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, уласны карэспандэнт „Нямецкай хвалі” Паўлюк Быкоўскі, рэдактар інтэрнэт-сайта газеты „Беларусы і рынак” Аляксей Жукаў. Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Перад вызваленнем з іх узялі падпіску пра неразгалошванне. 27 жніўня большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

belapan.by