Следчыя высвятляюць абставіны атручэння жанчын у Барысаве
У Барысаве высвятляюць абставіны атручэння пяці жанчын.
Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Менскай вобласці Таццяна Беланог, 14 кастрычніка з прадпрыемства, якое займаецца вытворчасцю прадуктаў з рыбы, у бальніцу Барысава былі завезены некалькі жанчын з хімічнымі апёкамі рознай ступені.
Папярэдне ўстаноўлена, што пяць жанчын напярэдадні ўжывалі невядомую вадкасць. Адчулі недамаганне і звярнуліся па медыцынскую дапамогу. „Цяпер лекары змагаюцца за жыццё трох чалавек, якія знаходзяцца ў рэанімацыйным аддзяленні ў вельмі цяжкім стане”, — сказала Беланог.
У межах агляду следча-аператыўнай групай канфіскаваныя бутэлька і іншыя рэчавыя доказы. Яны накіраваныя ў лабараторыі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз для даследаванняў, у тым ліку на прадмет высвятлення атрутных рэчываў.
У межах расследавання справы на падставе арт. 155 КК (прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці) Барысаўскі раённы аддзел СК высвятляе фактычныя абставіны і прычыны таго, што адбылося, праводзіць допыты сведак, работнікаў, службовых асоб прадпрыемства.