Следчыя высвятляюць абставіны самагубства двух вайскоўцаў-кантрактнікаў



У Дзяржпагранкамітэце і Мінабароны Беларусі пацвердзілі інфармацыю пра самагубства двух вайскоўцаў-кантрактнікаў.

Інфармацыя пра суіцыды з’явілася ў тэлеграм-канале Nexta.

Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Дзяржпагранкамітэта Антон Бычкоўскі, у Полацкім памежным атрадзе падчас нясення службы застрэліўся 44-гадовы прапаршчык кантрактнай службы. „Да месца выяўлення цела накіравалася аператыўная група Дзяржпагранкамітэта. Чакаем прыбыцця следчай аператыўнай групы мясцовага калегіяльнага органа ўнутраных спраў, а таксама прадстаўнікоў Следчага камітэта”, — сказаў ён.

Паводле слоў прэс-сакратара, пра прычыны суіцыду казаць заўчасна. „Яны ўстанаўліваюцца”, — адзначыў Бычкоўскі.

Інфармацыю пра тое, 1 чэрвеня скончыў жыццё самагубствам вайсковец слонімскай 11-й механізаванай брыгады, пацвердзілі ў Міністэрстве абароны. Прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінабароны Уладзімір Макараў паведаміў наступнае: „Ваеннае ведамства сумесна з кампетэнтнымі органамі вывучыла акалічнасці суіцыду вайскоўца, які праходзіў службу па кантракце. Прычыны гэтага ўчынку, што быў здзейснены ў пазаслужбовы час, не звязаныя з праходжаннем ваеннай службы і абумоўленыя выключна асабістымі абставінамі”.

Макараў дадаў, што па службе загінулы характарызаваўся станоўча і добрасумленна выконваў службовыя абавязкі. „Калегі і ваеннае ведамства выказалі спачуванні родным і блізкім і аказваюць неабходную дапамогу”, — сказаў ён.