Следства па крымінальнай справе Леаніда Судаленкі працягнутае да 18 траўня
Следства па крымінальнай справе ў дачыненні да праваабаронцы з Гомеля, юрыста гомельскага аддзялення пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна” Леаніда Судаленкі працягнутае да 18 траўня. Пра гэта ён напісаў у адным з лістоў, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
Судаленка застаецца пад вартай у следчым ізалятары № 3 Гомеля. Праваабаронцы звярнулі ўвагу на тое, што ён двойчы абскардзіў абраную ў дачыненні да яго меру стрымання, аднак яму адмовілі, аргументаваўшы тым, што ён нібыта можа збегчы або перашкодзіць следству. Акрамя таго, паводле інфармацыі праваабаронцаў, у Судаленкі змяніўся адвакат, паколькі ранейшы „адмовіўся далей займацца яго справай без тлумачэння прычын”.
5 студзеня ў гомельскім грамадска-палітычным цэнтры „Палеская, 52”, дзе займаецца сваёй дзейнасцю Судаленка, прайшоў вобшук, які доўжыўся каля 10 гадзін. Працэдуру праводзілі супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй па Гомельскай вобласці. Былі канфіскаваныя 304 прадметы, большасць якіх дакументы, што тычацца адміністрацыйных спраў і скаргаў удзельнікаў акцый пратэсту. Судаленка павезлі на допыт ва УБАЗіК, адначасова з допытам у яго кватэры прайшоў вобшук, у выніку якога былі канфіскаваныя ноўтбук і банкаўскія карткі.
У той жа дзень вобшукі прайшлі таксама ў гомельскіх актывістаў і праваабаронцаў Васіля Палякова, Мікалая Новікава і рэчыцкай валанцёркі Таццяны Ласіцы, якая дапамагала Судаленку. Прадстаўнікі сілавых структур патлумачылі правядзенне вобшукаў крымінальнай справай, распачатай у дачыненні да Уладзіміра Няпомняшчых, які быў затрыманы 23 снежня. Яго абвінавацілі ў „пагрозе гвалту прадстаўніку ўлады”.
Судаленку затрымалі 18 студзеня ў Гомелі. Пазней яму выставілі абвінавачанні па ч. 1 і 2 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і фінансаванне такой дзейнасці). Паводле інфармацыі праваабаронцаў, справу ў дачыненні да Судаленкі перадалі з абласнога ўпраўлення Следчага камітэта ў цэнтральны апарат СК у Менску.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Леаніда Судаленку палітычным зняволеным.