Маці Пцічкіна мае намер дамагчыся сустрэчы з Лукашэнкам
Маці Ігара Пцічкіна ўпэўненая, што яе сын памёр пасля збіцця ў СІЗА. Сваякі Ігара Пцічкіна катэгарычна не згодныя з высновамі следства аб прычынах яго смерці. Маці маладога чалавека, Жанна Пцічкіна, атрымала пастанову аб спыненні следства.
– Там напісана: “У адпаведнасці з артыкулам 252 УПК Рэспублікі Беларусь, пвведамляю, што 29, 12. 2014 года папярэдняе расследванне па крымінальнай справе спыненае”. Вось гэта яго кашуля і шорты. Вось у гэтых шортах ён два дні быў, без майкі – без ўсяго, бо вельмі моцная гарачыня была. Яны гавораць: можа Вы сінякоў не бачылі? Не было на ім сінякоў! І паказанні даюць, што ніхто-ніхто не бачыў у яго сінякоў. Ніхто.
Маці Ігара Пцічкіна таксама мае намер дамагчыся сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама накіраваць скаргі ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. Жанна Пцічкіна ўпэўненая, што яе сын памёр пасля таго, як быў збіты ў СІЗА, і хоча, каб вінаватыя былі пакараныя.
Паводле БелаПАН
* * *
Следчыя па справе аб смерці ў ізалятары на Валадарскага Ігара Пцічкіна заяўляюць, што ён з 2011 году ўжываў наркотыкі . Дырэктар Інфармацыйна-праваабарончай арганізацыі “Платформа” Алена Красоўская паведаміла, што Следчы Камітэт пракаментаваў завяршэнне праверкі акалічнасцяў смерці Ігара Пцічкіна.
З праверкі вынікае, што Пцічкін быў наркаманам і алкаголікам, што прычынай смерці была хвароба сэрца і ніхто з супрацоўнікаў СІЗА не меў дачынення да гэтага.
Алена Красоўская паведаміла:
– Але ёсць маці, якая знаёмілася з матэрыяламі праверкі і сцвярджае, што ў заключэнні судовага эксперта не сказана, што ў крыві Ігара знойдзеныя наркатычныя альбо псіхатропныя рэчывы. Гэта па-першае, а па-другое – яна не ведала, што ён з’яўляецца наркаманам, хаця яны пражывалі разам і яна назірала яго ўвесь час.
Зараз, маці Ігара – Жанна Пцічкіна разам з адвакатам накіравалася ў Следчы Камітэт для таго, каб зняць копіі з матэрыялаў праверкі. Рабіць копіі альбо фатаграфіі дакументаў ім катэгарычна забаронена, таму яны перапісваюць іх уручную. калі матэрыялы будуць сабраныя, “ Платформа” прадпрыме далейшыя крокі, бо лічыць, што Следчы Камітэт утойвае сапраўдную прычыну смерці Ігара Пцічкіна.
Ігару Пцічкіну быў 21 год. Яго пакаралі 3 месяцамі арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, не маючы правоў. Для адбыцця пакарання Ігара Пцічкіна змясцілі ў Менскі следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага 30 ліпеня, а ўжо 4 жніўня вязень памёр.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя