Следства па „справе прафсаюзаў” працягнутае да 1 траўня



Пра гэта старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч даведаўся 12 лютага падчас знаёмства з новай следчай групай.

Паводле інфармацыі „Беларускай праўды”, папярэдні тэрмін расследавання крымінальнай „справы прафсаюзаў” скончыўся 2 лютага, аднак да 12 лютага абвінавачаныя не мелі ніякай афіцыйнай інфармацыі пра лёс расследавання.

Як аказалася, тэрмін расследавання крымінальнай справы прадоўжаны да 1 траўня. Акрамя таго, змяніліся двое следчых, якія будуць весці справу.

За апошнія тыдні следчыя па ўсёй Беларусі дапыталі больш за 250 актывістаў прафсаюзаў РЭП (прафсаюз аспрэчыў законнасць дзеянняў следства ў Генпракуратуры), канфіскаваныя падчас ператрусаў 2 жніўня 2017 года кампутары дагэтуль не вернутыя прафсаюзу.

Цікава, што тэрмін расследавання падоўжаны менавіта да 1 траўня – да Дня міжнароднай салідарнасці працоўных. Дарэчы, у гэты дзень споўніцца роўна дзевяць месяцаў расследавання крымінальнай справы. Жанчыны за гэты тэрмін паспяваюць нарадзіць. А што народзіць следства?

2 жніўня Фінансавая міліцыя Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДБ па Менску правяла ператрусы ў мінскім офісе прафсаюза РЭП, дома ў Ігара КомлікаГенадзя Фядыніча і Наталлі Пічужкінай, а таксама ў офісе Беларускага Незалежнага прафсаюза ў Салігорску.

Камітэт дзяржкантролю абвясціў, што крымінальная справа па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў распачата ў дачыненні да старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і бухгалтара Ігара Комліка:

„Старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў (гаворка ідзе пра сотні тысяч даляраў ЗША)”.

Ігар Комлік два месяцы правёў за кратамі, увечары 2-га кастрычніка яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Аднак прафсаюзны актывіст па-ранейшаму застаецца падазраваным па так званай «справе прафсаюзаў».

Генадзь Фядыніч таксама з’яўляецца падазраваным па крымінальнай справе і знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

У лістападзе мінулага года Следчы камітэт забараніў Генадзю Фядынічу выезд у Жэневу на міжнародную сустрэчу па запрашэнні глабальнага саюза IndustriALL, які гарантаваў „своечасовае вяртанне Г.Ф.Фядыніча ў Рэспубліку Беларусь”.

У сярэдзіне снежня мінулага года следства па „справе прафсаюзаў” працягнулі да 2 лютага 2018 года.

Вясна