Слонім хоча стаць турыстычным горадам
Чыгуначны вакзал у Слоніме цалкам аформлены па-беларуску. А нядаўна ў файе вакзала з’явіліся стэнды на беларускай і ангельскай мовах для турыстаў. Адзін са стэндаў прысвечаны слонімскім славутасцям – помнікам архітэктуры. Гэта і слонімская сінагога, і Свята-Троіцкі сабор, і Спаса-Праабражэнская царква, і касцёл Святога Андрэя, і ратуша, і канал Агінскага і г.д. Побач са стэндам славутасцяў размясцілі і схему праезду да гэтых помнікаў і турыстычную схему, якая дапаможа лёгка дайсці да помнікаў.
Падобнае афармленне файе вакзала падскажа не толькі турыстам, але і слонімцам больш даведацца пра старыя помнікі горада над Шчарай.
З’яўленне ў Слоніме новых помнікаў, стэндаў, білбордаў нагадвае тое, што Слонім апошнім часам сапраўды хоча стаць турыстычным горадам.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара