Слонім прызнаны самым добраўпарадкаваным раённым цэнтрам у краіне



Гэты горад на Гарадзеншчыне перамог сярод гарадоў трэцяй катэгорыі ў рэспубліканскім аглядзе за мінулы год, і апярэдзіў Нясвіж і Заслаўль Менскай вобласці.

За чысціню і парадак Слонім атрымае трыста-шэсцьдзясят мільёнаў рублёў прэміі. Як кажа мясцовы жыхар, літаратар і краязнаўца Сяргей Чыгрын, прыгажосць беларускіх гарадоў залежыць ад самых людзей.

У апошні час цэнтр Слоніма змяніўся, а гэта сапраўдны “цэнтр святыняў”:

– Касцёл каталіцкі, у самым цэнтры два праваслаўных саборы, сінагога, якая патрабуе рэстаўрацыі, недалёка мячэць, яшчэ касцёл Святога Андрэя. У мінулым годзе каля тэатра новага адкрылася такая стэла, прысвечаная адкрыццю тэатра.

Дзякуючы мясцовым прадпрымальнікам і скульптару Леаніду Богдану на будынку тэатра з’явілася мемарыяльная шыльда ў гонар Міхала Казіміра Агінскага, гетмана Вялікага Княства Літоўскага, кампазітара, заснавальніка традыцый тэатральнага мастацтва ў Слоніме.

Таксама ў горадзе адкрылі помнік землякам, якія прайшлі праз афганскую вайну. Дарэчы, у лік пераможцаў рэспубліканскага конкурсу ўвайшлі таксама Пінск на Берасцейшчыне, і гарадскія пасёлкі Скідаль і Астравец на Гарадзеншчыне.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя