Слонімец Алесь Масюк змагаецца з фальсіфікатарамі выбараў



24 ліпеня слонімец Алесь Масюк быў на прыёме ў намесніка начальніка УУС Гарадзенскага аблвыканкама Ігара Генеца, які праходзіў у Слонімскім райвыканкаме. Падчас прыёма слонімец падаў пісьмовы зварот наконт пакарання тых, хто фальсіфікаваў выбары. На днях Алесь Масюк атрымаў адказ са Слонімскага РАУС за подпісам падпалкоўніка міліцыі Вадзіма Шчурскага, які, у прыватнасці паведаміў, што “з улікам таго, што Вамі не прыведзены ў пісьмовым звароце новыя факты і абставіны мінулай падзеі, Ваш зварот пакінуты без разгляду. У выпадку паступлення пісьмовых зваротаў аналагічнага зместу будзе разглядацца пытанне спынення з Вамі перапіскі”. Алесь Масюк назваў гэты адказ дзіўным, бо фактаў шмат, але ніхто на фальсіфікатараў не рэагую і меры да сённяшніх дзён не прымаюцца.

Нагадаем, што ў дзень выбараў на выбарчым участку № 10 г. Слоніма ў перыяд правядзення выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць восьмага склікання кандыдат у дэпутаты Алесь Масюк і яго давераныя асобы былі пазбаўлены магчымасці назіраць за падлікам галасоў. Па распараджэнні старшыні камісіі Юнга Т.В. была ўстаноўлена агароджа, каб не дапусціць назіральнікаў да стала падліку. А калі завяршыўся падлік галасоў, былі вывешаны копіі выніковых пратаколаў з 13 подпісамі членаў участковай камісіі. Хаця ў дзень выбараў і пры падліку галасоў прысутнічалі толькі 12 членаў камісіі. Акрамя гэтага, у графе супраць усіх, была ўказана лічба – 21 чалавек.

Пазней стала вядома, што старшынёй участковай выбарчай камісіі Юнга Т.В. была здзейснена наглая падробка – у раённую выбарчую камісію накіраваны пратакол з іншымі лічбавымі звесткамі і іншай колькасцю подпісаў членаў камісіі. У пераробленым пратаколе ў графе супраць усіх было ўказана 127 чалавек, а подпісаў членаў камісіі ўжо не 13, а стала 12, паведамлялася, што адзін з сяброў участковай камісіі „захварэў”, але калі ён паспеў захварэць так і не высветлена. У сувязі з гэтым, экс-кандыдат у дэпутаты Алесь Масюк ужо некалькі разоў звяртаўся ў пракуратуру Слонімскага раёна і пракуратуру Гарадзенскай вобласці з заявамі пра здзяйсненні старшынёй участковай выбарчай камісіі Юнга Т.В. самых сапраўдных злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 191 і 192 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Пракуратурамі Слонімскага раёна і Гарадзенскай вобласці заявы Алеся Масюка накіроўваліся ў Слонімскі раённы аддзел унутраных спраў і абласное ўпраўленне з указаннямі правесці праверку з прыняццем рашэння ў парадку артыкула 174 КПК Рэспублікі Беларусь. Але органы ўнутраных спраў указанні пракуратур не выконвалі, а перасылалі заявы пра фальсіфікацыі ў розныя выбарчыя камісіі. Выбарчыя камісіі, не маючы паўнамоцтваў на прыняцце рашэння па заявах па крымінальных злачынствах, давалі адпіскі, не абцяжарваючы сябе аспрэчваннем доказаў гвалту і падробкі дакументаў.

Пасля некалькіх месяцаў перапісак, Алесь Масюк атрымаў з пракуратуры Гарадзенскай вобласці „выніковы” дакумент з якога бачна, што пракуратура адмаўляецца ад нагляду за законнасцю і рэагавання на заявы пра злачынствы на выбарах. Як лічыць Алесь Масюк, прыведзеныя ім факты пра здзяйсненні злачынстваў падчас выбараў, ніхто аспрэчыць не можа. Праваахоўныя органы выдатна разумеюць, што ў дадзеным выпадку адназначна трэба ўзбуджаць крымінальную справу, але чамусьці не ўзбуджаюць. Такім чынам, пракуратура і міліцыя фактычна да сённяшніх дзён пакрываюць беззаконне, адмаўляючыся праводзіць праверку здзейсненых злачынстваў падчас выбараў.

Беларускае Радыё Рацыя