Слонімец хоча перасадзіць супрацоўнікаў ДАІ на ровары



14 сакавіка супрацоўнік Слонімскай аўтаінспекцыі Ярмаловіч В. затрымаў слонімца Івана Бедку, які на ровары ехаў па Савецкай вуліцы.

Інспектар ДАІ склаў пратакол на раварыста, бо ён рухаўся на ровары па праезнай частцы вуліцы, а не па пешаходным тратуары. І аштрафаваў таго.

Іван Бедка напісаў скаргу ў пракуратуру Гарадзенскй вобласці, бо падобныя факты са штрафамі раварыстаў у Слоніме зачасціліся. У сваёй скарзе Іван Бедка паведаміў: “Па версіі інспектара Ярмаловіча, я павінен ехаць па пешаходныму пераходзе (веладарожак у Слоніме няма), па якіх прайсці немагчыма, так як пешаходныя тратуары застаўлены металічнымі шчытамі з гандлёвай рэкламай. Але інспектар аднабакова трактуе правілы дарожнага руху”. “У правілах, – піша далей слонімец, – напісана, што, калі я не маю магчымасці рухацца па тратуары, то маю права ехаць на ровары па вуліцы. Таму лічу, што ў мяне не было ўмоў спакойна ехаць па тратуары (на яго немажліва заехаць не толькі на ровары, але і інвалідам, бацькам з дзіцячымі каляскамі і г.д.), а тым больш раварыстам, а яшчэ – пешаходныя тратуары не абазначаны знакамі для руху на ровары, ды па іх ходзіць шмат людзей. Таму лічу, што супрацоўнік ДАІ неправамерна склаў на мяне пратакол. Найперш лічу, што супрацоўнікам ДАІ трэба парупіцца, каб у Слоніме належным чынам быў забяспечаны рух раварыстаў, а інспектара ДАІ Ярмаловіча і іншых супрацоўнікаў ДАІ, перасадзіць з машын на ровары і няхай яны паездзяць па пешаходных тратуарах у нашым горадзе”.

Слонімец Іван Бедка просіць пракуратуру Гарадзенскай вобласці разабрацца ў гэтай сітуацыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім