Слонімец напісаў заяву ў райвыканкам на дазвол сустрэць Новы год



Жыхар Слоніма Аляксандр Салейка напісаў заяву на імя старшыні Слонімскага райвыканкама Генадзя Хоміча на дазвол правесці масавае мерапрыемства ў Слоніме – сустрэць з сябрамі Новы 2021 год.

У заяве напісана мэта мерапрыемства – сустрэча Новага года ў коле сяброў, фотасесія на памяць, карагод, запуск салютаў, правядзенне конкурсаў, катанне з горкі, стварэнне добрага настрою ў дзяцей і дарослых. Колькасць удзельнікаў у мерапрыемстве – каля 30 чалавек. Мерапрыемства плануецца правесці ў Слоніме на ўзвышанасці на перакрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Еўфрасінні Полацкай з 23 гадзін 31 снежня 2020 года да 4 гадзін 1 студзеня 2021 года.

Аляксандр Салейка таксама ў заяве пытаецца: ці з’яўляецца дадзеная тэрыторыя правядзення мерапрыемства грамадскім месцам? Цяпер аўтар заявы і шматлікія слонімцы чакаюць адказу і дазволу на сустрэчу Новага года.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім