Слонімец патрабуе ад дэпутата аздаравіць сельскую гаспадарку



Жыхар Слоніма Павел Севасцьян напісаў пісьмо-зварот дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Але Сопікавай, якая балатавалася і стала дэпутатам ад Слонімскай выбарчай акругі №58.

У пісьме слонімец патрабуе ад дэпутата паведаміць пра тое, як спадарыня Сопікава працуе ўсе гэтыя гады дэпутацтва (а яна балатавался двойчы) над “аздараўленнем сельскай гаспадаркі Беларусі”. Вось тэкст самога звароту:

Шаноўная Ала Мікалаеўна!

Падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання ў 2016 годзе у Вашай прадвыбарчай праграме было адлюстравана жаданне служыць грамадству, народу, кожнаму выбаршчыку.

Адно з палажэнняў Вашай прадвыбарчай праграмы было накіравана на рашэнне працаваць над фінансавым аздараўленнем сельскай гаспадаркі, праз заканадаўчую дзейнасць.

Я ўважліва азнаёміўся з Вашымі справаздачамі за 2017 і 2018 год, і не знашоў у гэтых справаздачах інфармацыі пра захады, якія б сведчылі пра рэалізацыю азначанай задачы праз распрацоўку Вамі праектаў законаў.

У сувязі з гэтым і на падставе артыкулаў 24-25 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь» прашу Вас удакладніць інфармацыю пра рэалізацыю Вамі ў 2017-2018 гадах задачы фінансавага аздараўлення сельскай гаспадаркі:

прашу прадставіць інфармацыю пра формы і ступень Вашага ўдзелу ў законатворчай дзейнасці па пытанні фінансавага аздараўлення сельскай гаспадаркі з дадзенымі па канкрэтных законах (законапраектах), у распрацоўцы якіх Вы прымалі ўдзел у формах, прадугледжаных артыкулам 11 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь» ;

прашу прадставіць інфармацыю праз рэалізацыю Вамі прадугледжанага артыкулам 15 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь» права заканадаўчай ініцыятывы дэпутата.

Адказ на гэты зварот прашу даць у парадку і ў тэрміны, якія прадугледжаныя Законам Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».

З павагай, Севасцьян П.С.

Павел Севасцьян ужо перадаў зварот памочніку дэпутата Святлане Калягі ў Слонімскі райвыканкам і чакае адказу. Да звароту ён далучыў лістоўкі з прадвыбарчай праграмай Алы Сопікавай.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім