Слонімец за 14 рабочых дзён па 10 гадзін атрымаў 106 рублёў заробку



Прыгоды са слонімскім прафсаюзным актывістам РЭП Міхаілам Сашко ў Слоніме працягваюцца.

Справа ў тым, што ён працаваў на Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыцы і быў звольнены за тое, што не маўчаў, калі бачыў, як адносяцца начальнікі прадпрыемства да рабочых. Пасля таго, як ён быў звольнены, праз Слонімскі цэнтр занятасці насельніцтва Міхаіл уладкаваўся на працу ў Слонімскае ДРБУ-119 па тэрміновай дамове.

Калі ён адпрацаваў 14 рабочых дзён па 10 гадзін і атрымаў разліковы ліст, то быў здзіўлены заробкам. Ён склаў 106 рублёў 61 капейку. І калі Міхаіл Сашко звярнуўся lа начальніка, чаму яму не даплацілі за тое, што ён адпрацаваў лішнія гадзіны, начальнік сказаў, што тыя, хто працуе па гадзінах, большы заробак не атрымаюць і ім ніхто больш не налічыць. І тады Міхаіл Сашко папрасіў азнаёміцца з калектыўнай дамовай, так як у тэрміновай дамове ёсць спасылка на яе.  У мінулую пятніцу, 25 траўня, Міхаілу патэлефанавалі і сказалі, што ён звольнены з працы.

Вось так у нас вырашаюць лёсы людзей. Міхаіл Сашко не збіраецца мірыцца з такімі адносінамі начальнікаў, якія парушаюць заканадаўства. Ён будзе вырашаць усе справы праз суд.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org