Слонімская кампанія “Мроя Тур” дапамагла мясцовай бальніцы



Шмат гадоў у Слоніме дзейнічае прыватная кампанія “Мроя Тур”, якая займаецца пасажырскімі перавозкамі. Гэта адна з лепшых фірмаў Гарадзеншчыны, якая на працягу больш за 15 гадоў возіць людзей у Менск, а таксама па заказу ў іншыя гарады Беларусі. Узначальвае кампанію “Мроя Тур” слонімскі прадпрымальнік Уладзімір Лазар. Заўсёды кампанія Уладзіміра Лазара дапамагала і дапамагае сваім землякам і роднаму гораду. А ў гэты няпросты час, калі Беларусь, як і ўвесь свет, апынулася ў палоне страшнага каронавіруса, Уладзімір Лазар не застаўся ў баку ад праблемы.

Для Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы ён закупіў акуляры, аднаразовыя пальчаткі, касцюмы (камбінезоны) супрацьэпідэмічныя, рэспіратары, маскі медыцынскія аднаразовыя  – і падараваў на агульную суму 1500 беларускіх рублёў. Адміністрацыя Слонімскай ЦРБ выказала шчырую падзяку Уладзіміру Іванавічу за сваечасовую дапамогу.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім