Слонімская ссылка Адама Станкевіча
Імя беларускага рэлігійнага, палітычнага і культурна-асветніцкага дзеяча, аднаго з заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рэдактара часопіса “Хрысціянская думка” Адама Станкевіча (1891-1949) паціху вяртаецца з небыцця. Ужо надрукаваны яго многія працы, напісаны пра яго артыкулы, успаміны, з друку выйшлі кнігі ягоных твораў.
Да пачатку Другой сусветнай вайны Адам Станкевіч пэўны час жыў у Слоніме і вёў богаслужэнне ў касцёле бернардзінак, які знаходзіцца ў самым цэнтры горада. А выслалі яго сюды з Вільні за тое, што быў беларускім святаром і вёў службу на беларускай мове: “Варожа ставіцца да польскай дзяржаўнасці і апошнім часам на тэрыторыі Вільні і Віленшчыны разгарнуў барацьбу беларусаў за аўтаномію, імкнучыся да дасягнення поўнай незалежнасці Беларусі. Над дзейнасцю кс. Станкевіча ўстанавіць патаемнае назіранне” (з ліста следчага аддзела ў Вільні ў Наваградак у справе высялення кс. Адама Станкевіча ў Слонім 14 студзеня 1939 года).
Так выглядалі касцёл і брама ў Слоніме тады, калі тут служыў Адам Станкевіч
Сучасны выгляд касцёла ў Слоніме
Так, 27 снежня 1938 года выехалі з Вільні выселеныя з прыгранічнай паласы на пяць гадоў рашэннем віленскага ваяводы кс. Адам Станкевіч, кс. Уладзіслаў Талочка і інжынер Адольф Клімовіч. Уладзіслаў Талочка пасяліўся ў Беластоку, Адольф Клімовіч — у Варшаве, а Адам Станкевіч — у Слоніме. Праўда, ён яшчэ паспеў перад высяленнем выдаць у Вільні кніжку “Беларускі хрысціянскі рух”.
Новы 1939 год ксёндз Адам Станкевіч сустрэў у Слоніме. Акрамя службы ў касцёле бернардзінак (служыў па-польску, па-беларуску польскія ўлады не дазволілі), шмат пісаў на роднай мове, перапісваўся з беларусамі з Вільні, Беластока, Варшавы, Прагі, Менска, Санкт-Пецярбурга і іншых гарадоў. Тут, у Слоніме, ён нават пісаў свае “Каляндарныя нататкі”, якія ў 2004 годзе (№ 9) упершыню апублікаваў часопіс “Куфэрак Віленшчыны” (Маладэчна, рэдактар Міхась Казлоўскі).
У Слоніме Адам Станкевіч напісаў вялікую працу “З літуанізмаў у беларускай мове” і надрукаваў яе ў алфавітным парадку ў некалькіх нумарах квартальніка “Калоссе”. Праца гэтая выклікала вялікі рэзананс. Многім яна не падабалася. Так, напрыклад, у газеце “Беларускі фронт”(15.5.39 г., № 10) з’яўляецца вялікі артыкул “Аб “літуанізмах” Адама Станкевіча” нейкага Ш-ць. Ён моцна крытыкуе аўтара, абражае яго, наводзіць паніку і г.д.
Прачытаўшы гэта, спадар Станкевіч дасылае са Слоніма ў “Калоссе” тактоўнае пісьмо-адказ: “Паважаны Грам. Рэдактар, не адмоўце памясціць у “Калоссі” гэтых некалькі слоў: “Я дужа ўдзячны гр. Ш-ць (“Бел. Фронт” №10, 15.6.39) за крытычныя і фаховыя ўвагі да маёй працы “З літуанізмаў у беларускай мове”; падчырківаю — за крытычныя і фаховыя, характару языкаведнага, бо-ж, апрача гэтага, чаго там толькі няма!? Але transeat! Мне йдзець аб дасьледжаньне літуанізмаў у беларускай мове й з слушных (а ня ўсе так гэткія!) заўвагаў у гэтай праблеме я ахвотна скарыстаю, калі праца мая будзе выходзіць асобнай адбіткай. Тады выкажу так-жа свой пагляд і што да тых заўвагаў гр.Ш-ць, з якімі я не згаджаюся.
Прыміце, Гр. Рэдактар, словы маёй да Вас пашаны. Ад. Станкевіч. Слонім, 17.5.39 г.”.
Жывучы ў Слоніме, Адам Станкевіч пільна сачыў за выхадам новых беларускіх кніг. 27 красавіка 1939 года ён піша грунтоўную рэцэнзію на кніжку беларускага паэта і даследчыка Хведара Ільяшэвіча “Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1575-1622)” і друкуе яе ў часопісе “Калоссе” (1939, №2). Крытык спыняецца на кожным з пяці раздзелаў працы Хведара Ільяшэвіча, указвае на іх каштоўнасць і значэнне. “Кніжка Хведара Ільяшэвіча, — адзначае А. Станкевіч, — гэта значны ўклад у маладую беларускую навуку. Агульнай, аднак, нястачай кніжкі зьяўляецца нявыразны яе воблік беларускі. Мамонічы — гэта беларускія патрыёты й беларускія культурнікі, й кніжкі іх прызначаны для беларускага народу. Тымчасам гэта ў Хв.І. ня толькі што з націскам не адзначана, але нават як-бы сарамліва прыхавана пад бліжэй неазначанымі тэрмінамі: “Русь, рускі, патрыёт, Вял. Кн. Літоўскае” і інш. Я разумею, што да гэткай “саромлівасьці”, што да беларускасьці прымушалі аўтара абставіны, у якіх праца была пісана й выдана. Затое цяпер аўтар павінен сваю цэнную працу пералажыць на беларускі язык, паставіць “беларускія точкі” над усімі “і”, раскрыць усе “дужкі”, паставіць , дзе трэба, “беларускія націскі” і… па-беларуску выдаць. Але хто выдасьць? Гэтая кніжка мусіць праявіць сваю беларускую “душу” й мусіць прыадзецца ў сваю беларускую “вопрадку”.
За слонімскі перыяд жыцця кс. Адамам Станкевічам было напісана яшчэ шэраг артыкулаў і рэцэнзій. Тут, у Слоніме, ён дапамог мясцоваму паэту Анатолю Іверсу (Івану Міско) наладзіць сувязі з Вільняй наконт выдання яго першага паэтычнага зборніка “Песні на загонах”. Пра гэта пры жыцці не раз расказваў мне наш старэйшы слонімскі паэт. Яны сустрэліся ў Слоніме ў 1939 годзе. І была на гэта нагода. Выдавецтва “Калоссе” рыхтавала да друку зборнік вершаў Анатоля Іверса “Песні на загонах”. Рэдактар выдавецтва Ян Шутовіч, ведаючы, што паліцыя на вёсцы правярае, а часам і забірае карэспандэнцыю, карэктурныя лісткі зборніка прыслаў у касцёл у Слонім Адаму Станкевічу, а паэту напісаў пісьмо, каб той абавязкова зайшоў да ксяндза, што Іверс і зрабіў.
Гаспадар доміка, які знаходзіўся на касцельнай тэрыторыі, сустрэў слонімскага паэта ў сваім пакоі па-хатняму, без сутаны:
— Ведаю, ведаю пра вас. Вось карэктура вашай кнігі, уважліва прачытайце і зрабіце папраўкі, калі знойдзеце памылкі.
Малады Анатоль Іверс усхваляваўся, убачыўшы надрукаваныя на лістках свае вершы. Вочы сталі вільготнымі, і ён хутчэй па памяці, чым зрокава пачаў чытаць вершаваныя радкі. Сям-там на палях ужо былі вынаскі літар, зробленыя Адамам Станкевічам. Першы раз слонімскі паэт спасцігаў карэктарную мудрасць і, бадай, не знайшоў ні адной незаўважанай і непапраўленай памылкова набранай у тэксце літары.
Пасля яны яшчэ доўга гутарылі, а напрыканцы сустрэчы Адам Станкевіч спытаў, ці надакучвае паліцыя.
— Яшчэ як дакучае, — сказаў Іверс, — лазіць па пятах, забірае з паштовага агенцтва беларускія і ўкраінскія газеты. Арыштоўвае хлопцаў перад святамі, рэдка абыходзіцца без катаванняў у дэфензіве. Забараняе ставіць беларускія спектаклі…
— Вось што, браток, не трэба лезці на ражон, — параіў Адам Вікенцьевіч. — Хоць, праўда, і я не ўсцярогся, бачыце, саслалі з Вільні ў Слонім. І тут не дазволілі ў касцёле праводзіць службу на беларускай мове…
На развітанне Адам Станкевіч запрасіў слонімскага паэта заходзіць часцей. Але больш ім сустрэцца не ўдалося, хоць пражыў ён у горадзе над Шчарай амаль год.
На працягу года Адаму Станкевічу са Слоніма і Адольфу Клімовічу з Варшавы пару разоў усё ж дазволілі наведаць Вільню. Пры чым адзін раз Адам Станкевіч выступаў нават сведкам абароны ў судзе па справе Г.Дэмбінскага, заснавальніка газеты “Poprostu” (Chryscijanskaja Dumka. 1939 г. № 13. С.7).
3 кастрычніка 1939 года Адам Станкевіч назаўсёды развітаўся са Слонімам і прыехаў у Вільню. Тут ён аднавіў выданне “Крыніцы”, сустракаўся з прэзідэнтам Літвы А.Сметонай, узначальваў Беларускі цэнтр у Літве, выдаваў свае кнігі і брашуры, стварыў Камісію аховы культурных памятнікаў Беларусі, займаўся педагагічнай дзейнасцю. 13 красавіка 1949 года яго арыштавалі органы НКВД, а 31 жніўня асобая нарада пры Міністэрстве дзяржаўнай бяспекі СССР засудзіла яго на 25 гадоў лагера па артыкуле 58 УК СССР (здрада Радзіме). А ў канцы лістапада 1949 года Адама Станкевіча не стала. Пахаваны беларускі святар у вёсцы Шаўчэнка Тайшэцкага раёна Іркуцкай вобласці Расеі.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя