Слонімскі грамадскі актывіст не можа працаўладкавацца



Слонімец Алесь Масюк у свой час скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. Ён добры сем’янін, разам з жонкай гадуюць дзвюх дачок. Амаль дзесяць гадоў адпрацаваў у Слонімскім раённым цэнтры дзіцяча-юнацкага турызму і ў экалагічным цэнтры дзяцей і моладзі. А яшчэ гэты малады чалавек шмат гадоў займаецца грамадска-палітычнай дзейнасцю, ён з’яўляецца сябрам БХД.

Па накіраванні Слонімскага ўпраўлення працы і сацыяльнай абароны Слонімскага райвыканкама спадар Алесь прыйшоў уладкоўвацца ў мясцовы цэнтр дадатковай адукацыі. Але там слонімцу адмовілі, маўляў, ён не адпавядае патрэбнай кваліфікацыі, хаця вопыт у падобнай працоўнай дзейнасці ён мае. Алесь падаў іск у суд. Але і суд адмовіў яму ў задавальненні іску.

Алесь Масюк плануе абскардзіць гэта рашэнне ў Гарадзенскім абласным судзе. Паўстае пытанне: дзе з універсітэцкім дыпломам сёння ўладкавацца фізічна здароваму і без шкодных звычак мужчыну ў Слоніме? Тым больш, што ў нас сёння не хапае настаўнікаў у школах, асабліва мужчын. Дык у чым справа?..

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя