Слонімскі райвыканкам патрабуе маршрут руху пікета
Сябра слонімскай суполкі БХД Іван Бедка падаваў заяўку на правядзенне пікета ў Слонімскі райвыканкам. Пікет павінен быў прыцягнуць увагу насельніцтва да праблемаў празмернага ўжывання алкаголю і тытуню на Слонімшчыне.
І вось за подпісам старшыні Слонімскага райвыканкама Алега Таргонскага Іван Бедка атрымаў адказ. У правядзенні пікета яму адмовілі. Таму што “адсутнічаюць звесткі аб крыніцы фінансавання, а таксама не вызначаны маршрут руху ўдзельнікаў даннага мерапрыемства”.
Аказваецца, каб правесці пікет сёння неабходна паведамляць у заяўцы, хто фінансуе гэты пікет, а таксама ўказваць “маршрут руху пікета”. Магчыма, у Слонімскім райвыканкаме не разумеюць, што такое пікет, мітынг, шэсце, і чым яны адрозніваюцца адзін ад аднаго. Але гэта няведанне не дазволіла сябрам Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл у чарговы раз праводзіць сваё мерапрыемства. І падобныя адмоўныя адказы са Слонімскага райвыканкама слонімскія грамадскія актывісты атрымліваюць ужо каля 10 гадоў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара