Слонімскіх хлопцаў садзяць і штрафуюць
Суд Слонімскага раёна зноў працягвае караць слонімцаў судамі і штрафамі. За ўдзел у мітынгу каля помніка Льва Сапегі 25 кастрычніка старшыня суда Слонімскага раёна Аляксандр Ярмолік прысудзіў 7 сутак арышту слонімцу Віталю Ешану і 10 базавых велічынь штрафу Паўлу Севасцьяну.
Павел Севасцьян
Віталь Ешану
Дадзеную сітуацыю пракаментаваў Павел Севасцьян. Ён, у прыватнасці, сказаў: “Лічу, што гэтыя абвінавачванні з’явіліся чарговы раз па палітычных матывах, бо я з’яўляюся сябрам БНФ, маю іншыя погляды на тое, што адбываецца сёння ў краіне, а супрацоўнікі міліцыі з’яўляюцца прадстаўнікамі ўлады. Таму прадстаўнікі праваахоўных органаў улады выконваюць функцыю прыкрыцця свавольства органаў выканаўчай улады, злачынства, якое сёння адбываецца ў Беларусі. Лічу таксама, што пратакол павінен складацца на месцы затрымання ці парушэння, і толькі тымі, хто затрымліваў ці прысутнічалі на мітынгу, а не так, як уздумаецца ім. Я рэалізаваў сваё права на свабоду, што запісана ў артыкуле 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. А Слонімскі райвыканкам і мясцовыя міліцыя і суд парушаюць норму Канстытуцыі артыкула 35 наконт свабоды сходаў, мітынгаў, пікетаў… І слонімцам вертыкальшчыкі адмаўляюць іх праводзіць з 1998 года”.
Беларускае Радыё Рацыя