Слонімскія ІП звярнуліся да ўсіх прадпрымальнікаў Беларусі



Пасля мітынгу індывідуальных прадпрымальнікаў у Менску 22 лютага, індывідуальныя прадпрымальнікі Слонімшчыны звярнуліся са зваротам да ўсіх прадпрымальнікаў Беларусі. Аб гэтым нашаму карэспандэнту паведаміў сябра рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Перспектыва”, каардынатар па Гарадзенскай вобласці Віктар Марчык.

Па словах Віктара Марчыка, у звароце паведамляецца, што ён адрасаваны тым, хто не можа працаваць пасля ўказу № 222 і тым, хто выйшаў на працу на “свой страх і рызыку, цвяроза паглядзеўшы на негатыўную сітуацыю ў краіне, якая склалася ў адносінах да малога і сярэдняга бізнэсу”. “На сённняшні дзень, – паведамляецца ў звароце, – няма ніякіх зрухаў і ўступак з боку ўлады. Пакуль улада канфіскацыямі і штрафамі не падзяліла нас, прапануем зберагчы тое, што яшчэ засталося, у тым ліку гонар і сумленне. І з 1 сакавіка не рызыкаваць і спыніць розную прапрымальніцкую дзейнасць да вырашэння сітуацыі і магчымасці працаваць без страху згубіць УСЁ. А таксама рабочай групе ІП пры Міністэрстве эканомікі ўзняць пытанне наконт фонду сацыяльнай абароне насельніцтва (ФСАН). А менавіта: аплата ў ФСАН павінна адбывацца прапарцыянальна рабочым дням, а за не адпрацаваныя дні, аплата павінна быць дабраахвотнай, а не ў прымусовым парадку; згодна закону ІП дазволена аплата запазычанасці па ФСАН без пеня за мінулы перыяд 2015 года да 1 сакавіка 2016 года. У сувязі з тым, што не па віне прадпрымальнікаў з 1 студзеня 2016 года не ў стане ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць, то працягнуць выплаты ў ФСАН за 2015 год без пеня да 1 ліпеня 2016 года”.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім