Слонімскія райвыканкам і райсавет трымаюць у тайне спіс дэлегатаў на сход



Два тыдні таму слонімец Алесь Масюк звярнуўся з пісьмовай просьбай у Слонімскія райвыканкам і райсавет. У пісьме слонімец прасіў для ўсеагульнага азнаямлення апублікаваць на сайце газеты „Слонімскі веснік”ці на сайце Слонімскага раённага выканаўчага камітэта прозвішчы кожнага з 15 дэлегатаў, а таксама пазначыць кім і калі кожны дэлегат быў вылучаны для ўдзелу ў VI Усебеларускім народным сходзе.

І вось на просьбу жыхара Слоніма прыйшлі два адказы за подпісамі старшыні Слонімскага райвыканкама Генадзя Хоміча і старшыні Слонімскага райсавета Алега Таргонскага. Адказы-адпіскі напісаны быццам пад капірку. Праўда, у адказе са Слонісмскага райсавета ёсць і такіх пару сказаў: “Улічваючы складаную эпідэміялагічную сітуацыю, у спіс удзельнікаў шостага Усебеларускага народнага сходу, выбраных ад Слонімскага раёна, могуць быць змены, а значыць ён з’яўляецца не канчатковым. У сувязі з чым, лічым яго апублікаванне немэтазгодным”.

Так кіраўніцтва Слонімскага райвыканкама і райсавета на просьбу жыхара Слоніма не адказала. І да сённяшніх дзён агульны спіс усіх дэлегатаў на сход ад Слонімскага раёна неапублікаваны. І чаму кіраўніцтва раёна баіцца друкаваць прозвішчы тых людзей, якіх вертыкальшчыкі вылучылі на з’езд?..

Беларускае Радыё Рацыя