Слонімскія школьнікі павінны здаць па 41 кг макулатуры



Усе дарослыя добра памятаюць, як у савецкай імперыі ў 1970-я—1980-я была эфектыўная сістэма збору макулатуры школьнікамі, навучэнцамі і студэнтамі. Для кожнай школы была даведзена норма здачы макулатуры. У бібліятэках школ штогод спісваліся падручнікі, архіўная дакументацыя, бацькі ніколі папераў не выкідвалі, а збіралі дзецям на макулатуру.

Тое самае зараз адбываецца ў Слоніме. Кожнаму слонімскаму школьніку да новага года небходна здаць 41 кілаграм макулатуры. Бацькі і класныя кіраўнікі незадаволеныя такімі планамі, тым больш, што паперы ў кватэрах і дамах становіцца ўсё менш і менш. “У мінулыя гады кожны школьнік павінен быў здаць 5 кілаграмаў макулатуры, а сёлета ўжо 41 кілаграм. Дзе тую макулатуру ўзяць?..”  — выказалі сваё незадавальненне бацькі вучняў СШ № 8 г. Слоніма. Але план даведзены не толькі да школаў, але і да кожнага класа, таму класныя кіраўнікі, дзеці і іх бацькі сёння ўсюды па горадзе шукаюць макулатуру.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім.