Слонімскія вертыкальшчыкі не дазволілі перайменаваць плошчу Леніна ў Тэатральную
Некалькі тыдняў таму слонімцы падалі ў Слонімскі райвыканкам і раённы Савет дэпутатаў прапанову з подпісамі жыхароў Слоніма наконт перайменавання плошчы Леніна на Тэатральную.
Тым больш, што на плошчы цяпер знаходзіцца будынак Слонімскага драматычнага тэатра. А побач з тэатрам сёлета 1 верасня тут будзе ўстаноўлены помнік канцлеру Вялікага Княства Літоўскага, былому слонімскаму старосце Льву Сапегу (1557-1633). Ды і вопыт ёсць: напачатку 1990-х гадоў слонімцам удалося перайменаваць плошчу Горкага ў плошчу Льва Сапегі. Але там помнік Льву Сапегу ставіць нельга. Па-першае, там няма месца і вялікі рух машын. Па-другое, плошча Леніна знаходзіцца ў самым цэнтры старога Слоніма. Ды і своеасаблівая рэклама была б дзяржаўнаму драмтэатру. Але прапанову жыхароў Слоніма мясцовыя вертыкальшчыкі праігнаравалі, які і дзесяткі іншых добрых прапаноў за апошнія 20 гадоў.
Адначасова прыйшлі два адказы: адзін за подпісам намесніцы старшыні Слонімскага райвыканкама Кацярыны Руткоўскай, другі – за подпісам кіраўніка Слонімскага райсавета дэпутатаў Алега Таргонскага. Адказы амаль аўтэнтычныя. Спадарыня Рудкоўская піша: “Прапанова наконт перайменавання плошчы Леніна ў Тэатральную была разгледжана на пасяджэнні тапанімічнай камісіі райвыканкама 02.04.2019. Напярэдадні на сайце газеты “Слонімскі веснік” было праведзена апытанне, у якім прынялі ўдзел 7563 рэспандэнты. Вынікі апытання паказалі, што за перайменаванне плошчы Леніна ў Тэатральную выказаліся 3270 (43,2%) рэспандэнтаў, пакінуць без змянення – 4293 (56,8%) рэспандэнтаў. Таксама апытанне ўласнікаў жылля і кіраўнікоў арганізацый, якія знаходзяцца па адрасе плошчы Леніна, паказала, што 16 (100%) з апытаных выказаліся пакінуць без змянення назву плошчы. На падставе вышэй пералічанага і вынікаў галасавання членаў камісіі, тапанімічная камісія райвыканкама прыйшла да высновы – назву плошчы Леніна ў Слоніме заставіць (гэта значыць ПАКІНУЦЬ – РР.) без змянення”.
Дзіўна тое, што на сайце “Слонімскага весніка” за перайменаванне пастаянна выказвалася больш за 70% рэспандэнтаў. Але ў самы бліжэйшы панядзелак, раптам лічба на сайце раёнкі памяняліся. І стала ўсё наадварот. Загадалі, відаць, з райвыканкама. Апытанне праводзіла і “Газета Слонімскага”, і розныя слонімскія сайты, на ўсіх іх большасць людзей выказалася за перайменаванне плошчы Леніна ў Тэатральную. Цікава ведаць, а хто сёння ўваходзіць у склад тапанімічнай камісіі Слонімскага райвыканкама? Ці яна проста існуе на паперы? І апошняе. Сёння ў Слоніме стаіць чатыры помніка Леніну. Але няма ніводнага помніка і бюста знакамітым слонімцам.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім