Слонімцы ўпарадкавалі магілы ахвяраў савецкіх партызан
Сябры Слонімскай суполкі БХД 7 лістапада наведалі могілкі ў вёсцы Якімавічы Слонімскага раёна. На гэтых могілках знаходзяцца магілы сям’і Струпавец, якую ў гады Другой сусветнвай вайны закатавалі мясцовыя савецкія партызаны.
З усёй сям’і Струпаўцоў жывым застаўся толькі Васіль. У красавіку 1943 года ў хату Струпаўцоў увайшлі камандзір савецкага партызанскага атрада імя Панамарэнкі Іван Зайцаў разам з Бухарэўскім, Азановічам, Багуслаўскім і іншымі “партызанамі”. Зайцаў з кулямёта стрэліў па старэйшым Васілю Струпаўцу і па яго маленькім сыне Васілю. Гаспадар хаты быў забіты адразу, а Васіль паранены ў ногі. А потым каты застрэлілі жонку Васіля, двух сыноў і дачку. Пасля бандыты вынеслі ўсё з хаты і падпалілі яе знутры. Але цяжка паранены хлопчык Васіль Струпавец патушыў у хаце агонь і выпаўз на вуліцу. Там яго падабралі вяскоўцы і адвезлі ў Слонім у шпіталь. Ён выжыў, але застаўся на ўсё жыццё інвалідам і сведкам злачынства савецкіх партызан брыгады імя Панамарэнкі, якія па-зверску закатавалі ў Якімавічах некалькі дзесяткаў вяскоўцаў.
У 1990-я гады Васіль Струпавец быў сябрам БНФ, ён тады і распавёў праўду пра злачынствы “партызан” у сваёй роднай вёсцы.
На могілках у вёсцы Якімавічы Васіль Струпавец пахаваны побач з агульнай магілай бацькі, маці, братоў і сястры, закатаваных бандытамі. Крыж на магіле Васіля Струпаўца ўжо амаль згніў. У запусценні была і магіла яго родных людзей.
Слонімскія грамадскія актывісты ўпарадкавалі магілы Струпаўцоў, абрэзалі з дрэваў, якія растуць побач, сухія галіны, вынеслі рознае смецце з магіл, а таксама вырашылі ў наступным годзе паставіць помнік на магіле Васіля Струпаўца.
[Not a valid template]
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара.