Слонімцы хочуць перайменаваць плошчу Леніна
Жыхары Слоніма пачалі збор подпісаў пад зваротам у Слонімскі райвыканкам і Слонімскі раённы Савет дэпутатаў наконт перайменавання плошчы Леніна на Тэатральную плошчу. У звароце слонімцы просяць бліжэйшым часам на пасяджэнні раённай тапанімічнай камісіі разгледзець іх просьбу і падтрымаць.
Справа ў тым, што ў Слоніме сёлета адбудзецца рэспубліканскае Свята беларускага пісьменства і друку. Да гэтага свята мяркуецца адкрыць помнік былому слонімскаму старосту Льву Сапегу. Устаноўка помніка запланавана ў скверыку на плошчы Леніна насупраць драматычнага тэатра. Помнік Сапегу – на плошчы Леніна, гучыць зусім недарэчна, тым больш што Ленін ніякага дачынення да гісторыі Слоніма і Беларусі наогул не мае.
Пры Льву Сапегу пры храмах старажытнага Слоніма існавалі тэатры, потым палац Сапегі Міхал Казімір Агінскі пераабсталяваў пад свой тэатр. Зараз працуе ў цэнтры горада дзяржаўны драматычны тэатр. Як бачыце, тэатральныя традыцыі працягваюцца. Таму сама плошча Леніна просіцца стаць Тэатральнай. Аўтобусны прыпынак “Тэатральная плошча” – будзе своеасаблівай рэкламай тэатру, а плошча – візітоўкай Слоніма, як гістарычнага і культурнага цэнтру Заходняй Беларусі.
Далей у звароце паведамляецца: “Перайменаванне плошчы Леніна ў Тэатральную плошчу не патрабуе вялікіх выдаткаў. Слонімцы спакойна перайменавалі плошчу Горкага ў плошчу Льва Сапегі, вуліцу Энгельса ў вуліцу Оперную, вярнулі старую назву вуліцы Ружанскай і ўсё абыйшлося культурна і ціха. Таму верыцца, што наша прапанова па перайменаванні плошчы Леніна ў Тэатральную плошчу, будзе абавязкова падтрыманая. І гэта паспрыяе развіццю турыстычнага патэнцыялу Слоніма і прынясе карысць усім слонімцам”.
Бліжэйшым часам зварот з подпісамі слонімцаў будзе перададзены ў Слонімскі райвыканкам і Слонімскі райсавет.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім