Слонімцы не могуць нікуды даехаць
У панядзелак, 5 сакавіка, спынілі рух прыватныя слонімскія пасажырскія міжгароднія маршруткі. Цяпер слонімцы, а таксама жыхары суседніх раёнаў, не могуць хутка і без праблем даехаць у Менск, Гародню і ў іншыя гарады Беларусі. Дзяржаўныя аўтапаркі міжгароднімі маршрутамі амаль не займаюцца, ды і няма ім на чым перавозіць людзей. Напрыклад, са Слоніма ў Менск і ў Гародню ў суткі ёсць толькі 1-2 аўтобусныя рэйсы. А на цягніках трэба дабірацца ноччу, альбо праз Баранавічы. Гэта горш, чым было ў Савецкім Саюзе. Людзі ў паніцы, бо на гэта прыйдзецца траціць па 5-10 гадзін у суткі.
Напрыклад, адна з лепшых у Беларусі слонімская фірма “Мроя Тур” прафесійна і якасна, хутка і камфортна перавозіць пасажыраў 15 гадоў. Фірма не мела ніякіх папрокаў і скаргаў, як ад пасажыраў, так і ад падатковых органаў. Акрамя перавозак, “Мроя Тур” займаецца дабрачыннай дзейнасцю. Ёю былі аказаны сотні дапамог дзецям-інвалідам, інтэрнатам, сіротам, бедным людзям. Цяпер кіраўніцтва дзяржавы сваім законам “Пра аўтамабільны транспарт і аўтамабільныя перавозкі”цалкам знішчае і бізнес людзей і камфортнасць у пасажырскіх перавозках. Вось ён бізнес па-беларуску, і “усё добрае” для людзей.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота gs.by