Слонімцы пачалі збор подпісаў у падтрымку незалежных прафсаюзаў
Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл пачалі збор подпісаў пад заявай, якую яны плануюць адправіць Аляксандру Лукашэнку.
У заяве паведамляецца, што жыхары Слонімшчыны глыбока занепакоены распачатай крымінальнай справай і нядаўнімі вобыскамі ў офісах незалежных прафсаюзаў РЭП і БНП. “Мы таксама заклапочаны затрыманнем лідараў прафсаюзу РЭП і супрацоўнікаў прафсаюзу, адзін з якіх, Ігар Комлік да гэтага часу застаецца пад вартай ў турме з-за нібыта нявыплачанага падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры. У нас ёсць высновы лічыць, што ўсе дзеянні ўлады накіраваны на знішчэнне незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі ў адказ за актыўную грамадзянскую пазіцыю лідэраў прафсаюзу і абарону сацыяльна-эканамічных інтарэсаў працоўных, і расцэньваем дзеянні ўлады, як расправу над лідарамі прафсаюзнага руху Беларусі. Мы патрабуем неадкладнага вызвалення Ігара Комліка, спынення крымінальнага пераследу Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка…”— паведамляецца ў заяве.
Пад заявай ужо сабрана некалькі дзясяткаў подпісаў. Збор подпісаў працягваецца і яны будуць накіраваныя ў адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Беларускае Радыё Рацыя
