Слонімцы – пра Дзень Волі ў Гародні



У Гародні ў Каложскім парку 23 сакавіка адбылося святкаванне Дня Волі. У ім прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Было сярод іх і шмат слонімцаў.

Сваю думку пра свята пажадалі выказаць некалькі грамадскіх актывістаў са Слоніма.

Іван Бедка:

– Упершыню на свята Дня Волі ў Гародню мы даехалі без здарэнняў. На гэты раз нас не затрымалі пры выхадзе з дому  і ў дарозе. Усё было спакойна і па плане. На свяце здзівіла тое, што ў Гародні, каб трапіць на мерапрыемства, патрэбна было прайсці вобшук. Але гэта не бяда. Бо на святкаванні ўсё было арганізавана вельмі добра. Выступалі вядомыя беларускія гурты з файнымі песнямі. Людзей на святкаванні было нечакана шмат. І вельмі многа нашых бел-чырвона-белых сцягоў. У шапіках прадавалі розную нацыянальную сімволіку. Мне вельмі спадабалася мерапрыемства і пра яго склалася добрае ўражанне. Такія святы і ўрачыстасці ніколі не забываюцца.  Жыве Беларусь!

Алесь Масюк:

– У суботу, 23 сакавіка, разам з сябрамі і я быў ў Каложскім парку ў Гародні на свяце, прысвечанаму Дню Волі. Дзякуй Богу, што ў гэтым годзе, у  адрозненні ад мінулага, мы змаглі трапіць на свята. У гэты раз міліцыя нікога не затрымлівала. 

Добрае сонечнае надвор’е, беларуская музыка, шмат радасных твараў, мора бел-чырвона-белых нацыянальных сцягоў – такая святочная атмасфера была падчас святкавання ў Гародні 101-х угодкаў абвяшчэння БНР.  Хачу сказаць, што са Слоніма на святкаванне прыехала каля дзесяці чалавек.  Таму выказваю словы падзякі ўсім, хто спрычыніўся да арганізацыі і правядзення Дня Волі ў Гародні. 

Павел Севасцьян:

 –На свяце ў Гародні  адчуваў вялікую  кансалідацыю  беларусаў, бо былі там не толькі гарадзенцы, а людзі  з іншых розных  куткоў  краіны. На свята прыходзілі  сем’ямі, шмат прысутнічала моладзі, адчувалася  вельмі  дружная  атмасфера. Такое маштабнае мерапрыемства,  прысвечанае ўшанаванню  БНР, мне здаецца, на Гарадзеншчыне прайшло ўпершыню. І ўсе ўдзельнікі  святкавання  101 –й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі ў  Гародні разам падзялялі  яе ідэалы. Вось такія святы трэба арганізоўваць паўсюль. І з нашай гісторыі 25 Сакавіка выкінуць немагчыма.

Беларускае Радыё Рацыя