Словы Мітрапаліта Паўла пра розных Багоў сустрэлі крытыку грамадства



Словы мітрапаліта Паўла – Мінскага і Заслаўскага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі – пра тое, што ў праваслаўных і ўніятаў розны Бог, успрыняты негатыўна вернікамі розных канфесій, у тым ліку і праваслаўнымі. Гэтыя словы непрыгожыя і нават небяспечныя, калі зыходзяць ад такога высокага духоўнага сану, кажа прасвітар царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Бярозе Уладзімір Грыцук:

Я катэгарычна супраць такіх рэзкіх выпадаў у дачыненні да іншых вернікаў. Хтосьці там дзеліць, але Гасподзь усім суддзя, а не нейкі там вышэйшы чын – праваслаўны ці іншы. Ніхто не мае права так рабіць.

Прадстаўнікі праваслаўнай веры таксама не адобрылі такое выказванне свайго вышэйшага духоўнага сану:

Тут, канешне, Павел не мае рацыі. Я з ім не згодны. Не трэба адгароджваць адну рэлігію ад другой – усе ж вераць у аднаго Бога. Так яны давядуць да таго, што людзі пойдуць у мячэць, а не праваслаўную царкву. Ён дагаворыцца да нечага.

Напэўна, Павел разумее так, што адзінае і правільнае – гэта праваслаўе. Але такога не можа быць.

Словы мітрапаліта Паўла пра розных Багоў у праваслаўных і ўніятаў былі сказаны ў рамках перадачы «Гутаркі з мітрапалітам Паўлам». Перадача выйшла на тэлеканале «Союз» пасля сюжэту на беларускім тэлебачанні пра касцёл у вёсцы Бярозаўка Віцебскай вобласці, у якім разам моляцца каталікі і праваслаўныя.

Беларускае Радыё Рацыя