Слухачы „Мова Нанова Гародня” правялі талаку на могілках
На старых гарадзенскіх каталіцкіх могілках удзельнікі курсаў „Мова Нанова Гародня” правялі талаку па ачыстцы ад зарасніку. Гэта робіцца, каб падрыхтаваць некропаль да адлічбоўвання. Бо шмат хто ў Беларусі цікавіцца месцамі пахаванняў славутых гарадзенцаў.
Кажа вядоўца курсаў „Мова Нанова Гародня” Эмілія Гаўрус:
– Мы ведаем пра праект менчука Андрэя Бурданкова, які вырашыў адлічбаваць гэтыя пахаванні. Давядзецца прыбіраць могілкі, каб было лягчэй адлічбоўваць іх. Тут патрэбныя працоўныя рукі, таму мы вырашылі зарганізавацца, каб дапамагчы пачысціць, прыбраць. Колькі можам, колькі за вечар у нас атрымаецца, столькі і будзе. Хочацца хоць неяк паспрыяць, каб гэты праект ажыў і прасоўваўся далей.
За дзве гадзіны была ачышчана даволі вялікая плошча зарослая хмызняком і малымі дрэўцамі. Пра значэнне старых могілак кажа актывіст „Мова Нанова” Сяржук Герман:
– Гэта некропаль і тут таксама ляжыць багаты пласт гісторыі гэтага гораду, бо яны стваралі гэтыя будынкі, усю гэтую атмасферу, гарадзенскую аўтэнтычнасць. Усё гэта існуе шмат у чым дзякуючы гэтым людзям, якія тут зараз ляжаць. Амаль кожны гарадзенец чуў пра Элізу Ажэшку, якая пахаваная менавіта тут.
Арганізатары талакі спадзяюцца, што ачыстка працягнецца сіламі валанцёраў. Для працы патрэбныя не толькі жадаючыя ахвяраваць час, але таксама інструменты. Заўважна, што пасля таго, як на могілках павысякалі вялікія дрэвы, усё хутка зарасло расліннасцю.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня