Слуханне ў справе экстрадыцыі Аляксея Д. з Польшчы ў Беларусь адклалі



У Варшаве сёння разглядалі справу дапушчэння да экстрадыцыі грамадзяніна Беларусі Аляксея.

Спадар Аляксей ужо 3 гады дабіваецца ў Польшчы статусу палітуцекача, хоць працэдура не павінна трываць больш за 20 месяцаў. З фармальных прычынаў суддзя вырашыла адкласці паседжанне на 8 чэрвеня. Апошнім часам з Менску пачалі прыходзіць патрабаванні аб выдачы Аляксея, а на дзяржаўным беларускім тэлебачанні быў выпушчаны пасквіль, у якім беларуса абвінавацілі ў скрыванні ад правасуддзя. Маўляў, не сплаціў падаткаў.

Сам спадар Аляксей называе справу палітычна матываванай:

— Я не адчуваю ніякай віны, я не злачынца. І на усё гэта я лёгка ў судзе прывяду довады і дакажу гэта.

Міхал Захарскі, адвакат:

— Спадар Аляксей тлумачыў, што быў звязаны з апазіцыяй у Беларусі. І быў актыўным дзеячам. Паглядзім, ці гэты аргумент прыме суд.

Сярод заяўленых сведак быў сустаршыня Руху Салідарнасці «Разам» Алесь Макаеў. Справу, заведзеную на спадара Аляксея, палітык называе не інакш як аперацыяй спецслужбаў:

— Аляксея я ведаю каля 10 гадоў. У дачыненні да яго была сфабрыкавана справа, прычым спецслужбы ведалі, што такі Аляксей: ён ажыццяўляў, тэхнічную дзейнасць, расклейваў налепкі — дапамагаў у беларускай справе. Удзельнічаў у беларускіх акцыях, Аляксей прытрымліваецца нацыянальных поглядаў, ён беларускі патрыёт. Таму гэтая справа ўзнікла невыпадкова.  

На судовым паседжанні была досыць значная група падтрымкі. Сітуацыю спадара Аляксея ўважліва маніторыць Хельсінская фундацыя правоў чалавека. Яе прадстаўнік – Яцэк Бялас, у каментары для нашага радыё зазначыў, што спадара Аляксея незалежна ад судовага рашэння не змогуць выдаліць з Польшчы без асабістага подпісу міністра юстыцыі.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя