Смерць Вітольда Ашурка – вялікая страта для ўсёй Беларусі



Смерць Вітольда Ашурка, грамадскага і палітычнага дзеяча, палітычнага вязня ў Шклоўскай калоніі, – гэта вялікая страта для ўсёй Беларусі.

Пра асаблівасці ягонага спакойнага характару, беларускага нацыяналіста, які ведае светлы шлях уласнай краіны, і з клопатам ставіцца да ўласных суграмадзянаў, кажа Сяргей Сідарэнка з Ліды:

– Калі пазнаёміліся, то мяне вельмі ўразіла, што ён такі вельмі спакойны, і нават на тыя вострыя хвалюючыя пытанні вельмі спакойна рэагаваў. Казаў: „Сяргей, супакойся, праўда за намі, не хвалюйся, усё будзе добра”. І гэтае “добра” заўсёды з ім ішло, ён заўсёды верыў у светлы шлях беларусаў і што пераможам. І з гэтым ён ішоў. Спачатку ён размаўляў па-руску, але вельмі хутка перайшоў на беларускую мову. Амаль што дасканала на ёй размаўляў. Ён даваў надзеі і веру, што ў нас усё атрымаецца.

Для Партыі БНФ смерць Вітольда Ашурка таксама сталася неспадзяванай стратай. Вадзім Саранчукоў, намеснік старшыні партыі БНФ з Гародні, згадвае пра Ашурка як асобу, якая цэментуе нацыю. Пра яго ведалі ва ўсёй краіне.

– Ён быў сапраўдным патрыётам, ён быў тым чалавекам, якім можа ганарыцца не толькі Лідчына, але і ўся Беларусь. Гэта на самой справе вельмі вялікая страта для ўсёй нашай краіны. У мяне пакуль што няма словаў, якімі я маг бы ахарактарызаваць свой стан, але напэўна пакута. Гэта вялікая страта для ўсёй краіны… Дыялог магчымы толькі тады, калі ёсць роўная зацікаўленасць двух бакоў у гэтым дыялогу. Вітольд заўсёды выступаў заўсёды за тое, каб усе пытанні, усе праблемы, усе канфлікты вырашаліся мірным, прававым шляхам.

Прычыну спынення сэрца Вітольда Ашурка будуць высветляць. А пакуль  за ягоны спачын ужо маліліся ў бацькоўскую, троіцкую суботу беларускія грэка-каталікі. 

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя

 Для журналіста з Бярозаўкі Юрыя Дзешука гэта надзвычай сумная навіна.

– Для мяне Вітольд Ашурак быў найперш сябрам, арыенцірам, на каго можна было заўсёды раўняцца ў справе беларушчыны. Нават у самыя цяжкія хвіліны, і нават з турмы ён мог падабраць такія правільныя словы, падтрымаць. Для мяне гэта быў проста прыклад сапраўднага беларуса, беларускага патрыёта.

Цалкам размова з Юрыем Дзешуком, Вадзімам Саранчуковым і Уладзімірам Пруднікавым:

Гутарыў Сяргей Максімовіч, Беларускае Радыё Рацыя