Сметніцы на вуліцы Рэпіна ў Гародні не жадаюць асвятляць



Грамадскі актывіст, сябра незалежнага прафсаюзу Ігар Банцар атрымаў адказ ад ЖКГ горада і прадпрыемства, што займаецца асвятленнем гарадскіх вуліц.

Актывіст хацеў даведацца ад гэтых арганізацый, чаму на вуліцы Рэпіна ў Гародні кепскае асвятленне вулічных кантэйнераў для смецця у вячэрні час. 

Па словах актывіста, адказы гэтых арганізацый супярэчаць адзін адному:

– Атрымалі два адказы, адзін з якіх з Гарсвету. У ім гаворыцца, што гэтая арганізацыя ўсталёўвае апоры асвятлення па заяўках ЖКГ. А  з камунальнай гаспадаркі мы атрымалі адказ, што нам для рашэння дадзенай праблемы неабходна ісці ў Гарсвет. Будзем абскарджваць адказ у Гарадзенскім аблвыканкаме і даб’емся таго, каб яны нам канкрэтна адказалі, як жыхары горада могуць дабіцца ўстаноўкі асвятлення там дзе гэта патрэбна.

Пра праблему кепскага асвятлення вулічных кантэйнераў для смецця Ігар Банцар даведаўся падчас апытання жыхароў розных раёнаў Гародні. Апытанне рабілася ў межах кампаніі па падрыхтоўцы да мясцовых выбараў, якія адбудуцца ў Беларусі ў 2018 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня