Смеццевы жах у Гомельскім раёне
Жыхары вёсак, якія знаходзяцца вакол Гомеля, скардзяцца на засмечанасць лясоў.
У вёсцы Чкалава (гістарычная назва – Жарабное) Гомельскага раёна праз патрабаванні вяскоўцаў закрылі мясцовы палігон утылізацыі смецця. Але гараджане і некаторыя дачнікі па звычцы працягваюць выкідаць будаўнічы друз і адкіды на тэрыторыю, прылеглую да закансерваванай звалкі. Мяжа гароду жыхара вёскі Чкалава Мікалая праходзіць ля былой звалкі.
Мікалай, вясковец:
– Дачнікі бясконца возяць мяхі бутэлек, пакеты, поліэтылен, будаўнічы друз… А ў лесе што робіцца! Лес забруджаны да такой ступені, што далей немагчыма. І колькі не сварышся на іх, няма выніку. Раней, калі працаваў сметнік, штораніцу увесь гарод даводзілася чысціць ад пакетаў і паперы. А цяпер людзі сталі скідваць смецце прама на мяжу майго гарода!
Вяскоўцы наперабой распавядаюць пра дзясяткі выпадкаў, калі яны лавілі на месцы правапарушэння грамадзянаў са смеццем. „Мы і перапісвалі нумары, і папярэджвалі, але толку ад гэтага мала”, – кажуць мясцовыя. Аднак праваахоўнікі і мясцовыя ўлады на такія выпадкі глядзяць скрозь пальцы.
Тэрыторыя былой звалкі, як тлумачаць чкалаўцы, застаецца па-за ўвагай уладаў, паколькі ніводная з дзяржаўных службаў не хоча браць адказнасць за праблемны ўчастак. Лясніцтва і камунальныя службы дагэтуль не вызначыліся, хто мусіць сачыць за навядзеннем парадку.
Актывіст зялёнага руху Яўген Меркіс заўважае, што для выпраўлення сітуацыі з забруджаннем прылеглых да вялікага горада лясоў трэба карыстацца сучаснымі тэхналогіямі.
„Трэба абавязкова пашыраць інфармацыю пра праблемы, а таксама пра спосабы іх рашэння. У гэтым вельмі добра нам могуць дапамагаць сацыяльныя сеткі. Можа, у бабці дасягу да сацсетак няма, але ў кагосьці з моладзі дакладна будзе. Дзякуючы вашым фотаздымкам даведаюцца ў горадзе, потым начальства „настучыць па галаве” раённым кіраўнікам… Таму фатаграфуйце, пішыце, звяртайцеся ў СМІ”, – раіць Яўген Меркіс.
У Беларусі засмечанне лясоў адкідамі і воднымі сцёкамі караецца досыць вялікімі штрафамі. Грамадзяне за такую правіну заплацяць да 20 базавых велічыняў. А вось з арганізацыі могуць спагнаць да 300 базавых.
Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Жарабное
Фота аўтара