СМІ Беларусі – закладнікі палітыкі ўладаў
Арганізацыя ААН у пытаннях адукацыі, навукі і культуры заклікае паведамляць пра выпадкі парушэнняў свабоды СМІ. У прынятай днямі ў Рызе дэкларацыі акцэнт робіцца на санкцыях у дачыненні да дзяржаваў, якія прыціскаюць журналістаў.
Традыцыйна час прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі робіцца для беларускіх СМІ неспакойным: журналістаў затрымліваюць і судзяць, абмяжоўваюць ім доступ да інфармацыі, а фрылансеры ўвогуле пазбаўленыя легальнасці – паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”. Прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі лічыць, што змяніць сітуацыю можа толькі сапраўднае наладжванне стасункаў з Еўразвязам:
– Пакуль афіцыйна ў Менску не патрэбная будзе сапраўды нейкая легітымізацыя адносінаў з Еўропай, кардынальных зменаў у гэтай галіне хутчэй за ўсё не адбудзецца. Зараз афіцыйны Менск абсалютна не настроены на кантакты з Еўропай, адбываюцца такія ці іншыя візіты, аднак асноўным геапалітычным партнёрам выглядае Расея, Кітай, краіны на ўсход ад Беларусі.
У 2008 годзе, калі назіралася пэўнае пацяпленне адносінаў з Еўропай, у Беларусі пачалася і пэўная лібералізацыя, а незалежныя выданні вярнуліся ў сродкі распаўсюду – прыгадвае Барыс Гарэцкі.
На сённяшні дзень з пачатку году ёсць ужо 12 судовых рашэнняў у дачыненні да незалежных журналістаў за працу без акрэдытацыі на замежны сродак масавай інфармацыі. Адпаведны артыкул не прадугледжвае адказнасці самых журналістаў, але ён актыўна выкарыстоўваецца супраць журналістаў. Агульная сума прысуджаных штрафаў з пачатку году склала 60,5 мільёнаў беларускіх рублёў, у мінулым годзе журналістамі было сплочана 52 мільёны 600 тысяч рублёў.
Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя