Смолікаў:  Ні ўлады, ні Акадэмія навук не хочуць даследаваць месцы сталінскіх злачынстваў



Удзельнік ініцыятывы “Хайсы-віцебскія Курапаты” патрабуе, каб Акадэмія навук РБ звярнула ўвагу на месцы масавых расстрэлаў мірных грамадзянаў. Толькі пад Віцебскам  відавочцы тых падзеяў, іх нашчадкі, а таксама нашчадкі  ахвяраў сталінізму называюць 3 такія месцы, і яшчэ некалькі – у самім абласным цэнтры.

Канстанцін Смолікаў даслаў ліст да дырэктара Інстытута гісторыі НАН Вячаслава Даніловіча і загадчыка аддзелу найноўшай гісторыі Беларусі Сяргея Трацяка. Ён паскардзіўся на невыкананне супрацоўнікамі інстытута сваіх службовых і прафесійных абавязкаў: навукоўцы праяўляюць абыякавасць да факту знаходак чалавечых парэшткаў у ваколіцах вёсак Хайсы і Паляі, ігнаруюць паказанні відавочцаў расстрэлаў 1930-х гадоў і ўвогуле абыходзяць увагай тэму сталінскіх рэпрэсій у Беларусі.

Паводле спадара Смолікава, у атрыманым адказе ён бачыць спробу аспрэчыць гэтую пазіцыю:

– Я атрымаў, па сутнасці, бюракратычную адпіску. Мне напісалі, што Акадэмія навук працуе над гэтай тэмай, і што выйшлі з друку ажно 2 кнігі пра сталінскія рэпрэсіі, апошняя – у 2002-м годзе… Я абскардзіў гэты адказ: напісаў у прэзiдыум Акадэміі навук. Нас не задавальняе, што ні мясцовыя ўлады, ні Інстытут гісторыі не хочуць выступаць ініцыятарамі раскопак у месцах масавых пахаванняў рэпрэсаваных. Супрацоўнікі Інстытута гісторыі  абыходзяць  тэму, якая непакоіць грамадскасць. Мясцовыя ўлады таксама ігнаруюць наяўнасць расстрэльных месцаў на сваёй тэрыторыі. Максімум таго, што было зроблена Мазалаўскім сельсаветам – гэта выклік 52-га пашуковага батальёна, які дастаў з зямлі парэшткі расстраляных. І ў 2015-м годзе вайсковы археолаг заявіў, што гэта парэшткі ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны. Іх перапахавалі ў брацкай магіле на вайсковых могілках з адпаведным подпісам на шыльдзе.

Ушанаванне памяці ахвяраў сталінізму, расстраляных, паводле ўспамінаў старажылаў, непадалёк ад вёсак Хайсы і Паляі, узяла на сябе дэмакратычная грамадскасць. Удзельнікі ініцыятывы “Хайсы-віцебскія Курапаты” Ян Дзяржаўцаў і Канстанцін Смолікаў былі аштрафаваныя  за ўстаноўку мемарыяльных крыжоў на жалобных месцах . Але гэта не спыняе актывістаў: некалькі разоў на год яны праводзяць памінальныя імпрэзы і даглядаюць самаробныя мемарыялы.

Цалкам гутарку з Канстанцінам Смолікавым слухайце ў далучаным файле:

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя