Смяротнае пакаранне – гэта мінулае
З 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі пройдзе традыцыйны Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Асноўнае пасланне інфармацыйна-асветніцкіх мерапрыемстваў, якія будуць ладзіцца ў Менску і рэгіянальных гарадах, – “Смяротнае пакаранне – гэта мінулае”. У межах Тыдня актывісты і прыхільнікі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” зладзяць шэраг тэматычных мерапрыемстваў. Гаворыць каардынатар ініцыятывы „Беларускія праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда:
– Гэта правядзенне публічных мерапрыемстваў, канцэрт у Берасці і Менску “Рок за жыццё”. Правядзенне дыскусій, кінапраглядаў, публічных лекцый, дзе вядомыя праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч гатовыя будуць адказаць на любыя пытанні, датычныя смяротнага пакарання. Плануецца прэзентацыя коміксаў па гэтай тэме. Раздача матэрыялаў на вуліцы. Мы ўсё гэта будзем рабіць не толькі ў Менску, але і па ўсёй краіне.
У Страсбургу адбудзецца канферэнцыя Савета Еўропы “Вяртанне да смяротнага пакарання ў Еўропе: сапраўдная пагроза або папулісцкая фікцыя?” з удзелам праваабаронцаў Валянціна Стэфановіча і Алега Гулака.
Беларускае Радыё Рацыя