Смяротнасць ад туберкулёзу ў Беларусі знілася за 10 гадоў у 6 разоў (абноўлена)



Смяротнасць ад туберкулёзу ў Беларусі знілася за 10 гадоў у 6 разоў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў галоўны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя Генадзь Гурэвіч.

– Зараз захворванне з улікам рэцэдываў склала 25,2 на 100 тыс насельніцтва, і смяротнасць – 2,6 на 100 тыс. Для параўнання, дзесяць гадоў таму ў нас больш за 12 была смяротнасць на 100 тыс. То бок, у шэсць разоў мы знізілі гэты паказчык у першую чаргу дзякуючы эфектыўнаму лячэнню і дыягностыцы.

У 2008 годзе Беларусь далучылася да сусветнай стратэгіі кантраляванага лячэння туберкулёзу, якую пачалі выкарыстоўваць яшчэ ў 1995-м.

***

Сучасныя лекі і метады тэрапіі робяць магчымым паўнавартаснае жыццё хворага на туберкулёз. Яго не трэба ізаляваць і пазбягаць кантактаў з ім, наносячы псіхалагічную траўму стыгматызацыяй. Як паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску каардынатар праграм па інфекцыйных захворваннях офіса Сусветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі Вячаслаў Гранькоў, пасля пачатку лячэння сучаснымі сродкамі бактэрыі туберкулёзу, якія застаюцца ў хворага, становяцца няздольнымі інфікаваць іншага чалавека.

– Педыятары часта гавораць, што ўсіх, каго пацыяент мог заразіць, ён заразіў да пачатку тэрапіі. Таму што той перыяд, пакуль з’яўляюцца клінічныя сімптомы, калі ідзе масавае бактэрыявыдзяленне, калі няма адэкватнага лячэння, вось менавіта ў гэты перыяд пацыент найбольш небяспечны інфекцыйна. Калі ён ужо трапіў у рукі ўрачоў, калі ён абследаваны, прызначана лячэнне, тут ужо ўсё пад кантролем.

У апошнія 5 год колькасць захворванняў туберкулёзам у Беларусі зніжаецца штогод на 11%.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск