Смяротны прысуд Івану Куляшу пакінулі ў сіле



Калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах разгледзела апеляцыйную скаргу асуджанага да расстрэлу жыхара Лідскага раёна Івана Куляша. 20-га лістапада мінулага году Гарадзенскім абласным судом ён быў прызнаны вінаватым у забойстве трох прадаўцоў у Лідскім раёне, а таксама ў замаху на забойства, крадзяжы і разбоі. У ходзе працэсу Іван Кулеш папрасіў не змяняць яго прысуд, паколькі пазбавіў жыцця чалавека. Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда адзначае, што стаўлення да справы Куляша гэтая сітуацыя не мяняе:

– Ён сапраўды прасіў суд, каб пакінулі ў сіле рашэнне Гарадзенскай абласной калегіі па крымінальных справах. Але нашыя адносіны да справы гэта не мяняе ні ў якім разе. Нашае стаўленне такое: мы падтрымліваем любое пакаранне, якое вырашыць суд, але якое не звязанае са смяротным. Гэта ніяк не мяняе нашае стаўленне – і да сітуацыі, і да такога віда пакарання, і непасрэдна да самога Куляша.

Змякчальнымі фактамі былі прызнаныя наяўнасць у Куляша малагадовага дзіцяці, яго асабістае прызнанне ў здзяйсненні злачынстваў і яўка з павіннай. Да абцяжарвальных фактараў былі залічаны п’яны стан Куляша ў час злачынстваў і яго ранейшыя злачынствы. Калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах пакінула прысуд Гарадзенскага абласнога суда ў сіле, а скаргу без задавальнення. “Застаецца толькі шанс на памілаванне ад імя прэзідэнта, але толькі раз з чатырохсот падобных спраў асуджаны атрымаў памілаванне,” – паведаміў Андрэй Палуда.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belapan.com