Смяротны прысуд у Бабруйску



Да смяротнага пакарання за забойства дзвюх дзяўчат прысуджаны жыхар Бабруйска Аляксандар Асіповіч.  Разглядала рэзанансную справу судовая калегія Магілёўскага абласнога суда пад старшынствам Міхаіла Мельнікава.

На смяротным пакаранні настойвала дзяржаўнае абвінавачванне. На думку пракурора Вольгі Івановай, Асіповіч не здольны выправіцца ў месцах пазбаўлення волі. Як адзначае каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда, нават такое рэзананснае злачынства не падстава, каб  пакараннем стала забойства чалавека. „Мы разглядаем гэтае пытанне з пункту гледжання правоў чалавека, з пункту гледжання права на жыццё”, – дадаў праваабаронца.

У ноч на 20 ліпеня мінулага года дзве бабруйчанкі бавілі час у адной з забаўляльных устаноў горада, дзе пазнаёміліся з 36-гадовым Аляксандрам Асіповічам. Пасля яны разам паехалі на таксі да яго на кватэру. А 7-й раніцы адна з жанчын патэлефанавала ў міліцыю, крычала і прасіла дапамогі. Яна з сяброўкай зачыніліся ў ванным пакоі, а мужчына ім пагражаў. Назваць дакладны адрас дзяўчына не змагла. Пазней жанчын знайшлі забітымі. Як усталявала следства, гаспадар кватэры нанёс жанчынам шматлікія ўдары рукамі, нажом і малатком.

Паводле экспертаў, злачынца усведамляў характар сваіх дзеянняў, бо спярша збіраўся расчляняць трупы, але потым з’явіўся ў міліцыю з павіннай.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ПЦ „Вясна”