Смяротны прысуд вынесены ў Слуцку
Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна». За забойства двух чалавек да смяротнага пакарання быў прысуджаны 29-гадовы Віктар Скрундзік.
Астатнія фігуранты справы – Віталь Мяцеж і Валянцін Бушнін – прыгавораны да дваццаці двух і васямнаццаці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна.
Гэта ўжо трэці смяротны прысуд, вынесены ў 2020 годзе. Але вакол тэмы смяротнага пакарання адбываецца шмат іншых кейсаў, кажа каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда:
– Напрыклад, апеляцыйны разгляд зварота Сергеля, жыхара Лунінца, якому пакінулі смяротны прысуд у моцы альбо зусім нядаўна, у снежні, прывядзенне ў выкананне смяротнага прысуду ў адносінах да жыхара Бабруйска Аляксандра Асіповіча. То бок гэтыя справы заўсёды ідуць адна за адной, няма перадыху. Нядаўна быў зарэгістраваны зварот Паўлава ў Камітэт ААН па правах чалавека, таму варта нагадаць, што сапраўды ў каляндарным годзе вынесеныя тры смяротных прысуды, але пры гэтым яшчэ адзін, акрамя гэтага, уступіў у законную моц.
Таму ў Беларусі зараз, па інфармацыі кампаніі, чатыры чалавекі знаходзяцца ў калідоры смерці і чакаюць расстрэлу.
Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя