Смяротныя гульні моладзі
Ужыванне маладзёнамі сінтэтычнага наркотыка стала вострай праблемай, гэта выклікае асаблівую трывогу і нясе небяспеку грамадству, адзначаюць у Інспекцыі па справах непаўнагадовых Пінскага ГАУСа. У горадзе над Пінай за першае паўгоддзе затрымана 19 падлеткаў па лініі наркакантролю.
Старшыня Пінскага аддзялення “Маці супраць наркотыкаў” Дыяна Ярмалюк паведаміла, што наркагандляры штораз шукаюць новыя магчымасці, каб рэалізаваць смяротны тавар. У моладзі, якая “сядзіць на спайсах”, створана свая сістэма:
– Есць падлеткі, якім мы дапамагаем, якія ўжо маюць наступствы ад ужывання “спайсу” і іншых наркотыкаў. Распрацоўваюцца новыя схемы распаўсюду наркотыкаў і пры жаданні іх вельмі проста знайсці – ва ўсіх ёсць смартфоны з падключаным інтэрнэтам. З інфакіёска можна аплаціць кошт на любы электронны кашалёк.
На другім месцы стаіць праблема алкагалізацыі моладзі. 70 непаўнагадовых пінчан трапілі ў поле зроку праваахоўнікаў за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства. Пінскія праваахоўнікі выявілі 42 факты ўцягвання дарослымі падлеткаў да ўжывання спіртных напояў. У сувязі з гэтым у Пінску аб’яўлена прафілактычная кампанія “Падлетак”.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота islamdag.ru