Снежань у Пінску аб’явілі дабрачынным
У сувязі з Міжнародным днём інвалідаў, які штогод праходзіць 3 снежня, ў горадзе над Пінай цягам усяго месяцу будуць ладзіцца дабрачынныя акцыі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Інвалідам прадстаўлены зніжкі ў дзяржаўных цырульнях, пральнях ды рамонтных цэнтрах. Бясплатныя экскурсіі будзе праводзіць Музей Беларускага Палесся. Магчыма, што да дабрачыннасці яшчэ далучацца іншыя ўстановы гораду.
Інвалід ІІ-й групы Мікалай Куцэвіч кажа, што ў Беларусі інваліды звыкліся самі сябе забяспечваць, але ўвага заўжды прыемна:
– Нікому не жадаю быць інвалідам. Здаровы чалавек заўжды запатрабаваны, а мы нікому не патрэбныя. Нас шмат і мы стараемся неяк выжыць, працуем на сваіх агародах, дзесьці падарункі атрымліваем. Усё роўна мала, але мы разумеем абставіны, і тое, што дзяржава хоча і дзецям, і інвалідам дапамагчы.
Па дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў Беларусі жыве звыш паўмільёна інвалідаў.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота oskemen.info