Соф’і Сапезе прад’явілі канчатковае абвінавачанне



Справу расіянкі Соф’і Сапегі, дзяўчыны Рамана Пратасевіча, неўзабаве перададуць у суд. Следчы камітэт прад’явіў канчатковае абвінавачанне, піша расейская служба ВВС, спасылаючыся на дзве крыніцы.

Асноўны артыкул, па якім абвінавачваюць Соф’ю Сапегу, — частка 3 артыкулу 130 КК Беларусі (распальванне варожасці). Ёй пагражае 6 гадоў турмы — гэта мінімальны тэрмін па гэтым артыкуле з улікам заключанага Сапегай дасудовага пагаднення са следствам.

Паводле інфармацыі крыніц, Сапега знаходзіцца ў цяжкім псіхалагічным стане, ня спіць па начах. Толькі пасля прысуду Сапегу змогуць экстрадзіраваць у Расею.

Сапегу затрымалі 23 траўня разам з былым галоўным рэдактарам тэлеграм-каналу NEXTA Раманам Пратасевічам у менскім аэрапорце пасля таго, як улады Беларусі пасадзілі самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню. Дзе знаходзіцца Раман Пратасевіч, невядома.

Фота: instagram.com / sapega_sofia_