Сорак гарадзенскіх школьнікаў сёлета вучыліся па-беларуску
Сорак дзетак у Гародні пазнавалі навуку па-беларуску ў гэтым навучальным годзе. Некаторыя з іх вымушаны былі частку прадметаў вывучаць па-расейску ў расейскамоўных класах. Але выгада навучання па-беларуску відавочная.
Васіль, Ян ды Святлана Астроўскія, якія вучацца па-беларуску ў розных навучальных установах Гародні, задаволены вынікамі вучобы. Кажа Васіль:
– Я закончыў другі клас у школе №32. У нашым класе 9 чалавек, настаўніцу завуць Ларыса Казіміраўна. Мне больш за ўсё падабаецца беларуская мова і літаратурныя чытаньні.
Святлана Астроўская закончыла шосты клас у гімназіі №10, яна вучылася па навучальным маршруце: частка прадметаў па-беларуску, іншыя – па-расейку.
– Вучуся на беларускай мове з яшчэ адным хлопчыкам. Усе прадметы даваліся лёгка, але як заўсёды былі праблемы з рускай мовай. Але і ў гэтым годзе я змагла выцягнуць на “9”. У пачатку года настаўнікі трошку варожа адносіліся да нас, таму што мы не такія, як усе, і толькі для двух вучняў ім трэба прыходзіць у школу і траціць свой час. Але ў канцы года ўсе пачалі добра да нас ставіцца.
А Янка Астроўскі завяршыў пяты клас ў гімназіі №7, ён таксама вучыўся па многіх прадметах індывідуальна па-беларуску, што дало свае вынікі.
– Я вучуся адзін асобна ад усіх на беларускай мове, іду у іншы клас і займаюся з настаўнікам матэматыкай, мастацтвам, чалавекам і светам і гісторыяй. А ўсе астатнія прадметы я вывучаю разам з класам.
Сёлета споўнілася акурат 100 гадоў, як адкрылася першая беларуская школа ў Гародні. Праз стагоддзе беларусы Гародні стаяць перад той жа дылемай: шанаваць і развіваць сваё, даючы дзецям адукацыю на роднай мове, ці прыстасоўвацца да суседніх моваў і культураў, цураючыся свайго. Засмучае той факт, што у Гародні няма беларускіх школаў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.
Фота аўтара