«Сорамна перад беларусамі». У Польшчы абураныя тым, як TVP паказала ўрачыстасці ў Вільні
Галоўная інфармацыйная перадача на грамадскім канале TVP цалкам праігнаравала масавую прысутнасць беларусаў у Вільні 22 лістапада, а ў адным з кадраў беларускі сцяг выдалі за польскі.
Урачыстасць перапахавання лідараў і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў асвятлялася ў польскіх СМІ сціпла. Цырымонію транслявалі тэлеканал «Белсат», які з’яўляецца часткай грамадскай польскай тэлевізіі TVP, а таксама каналы для палякаў замежжа – Polonia і TVP Wilno. Іншыя СМІ перадавалі паведамленні ад інфармагенцтваў.
«Беларусаў прадставілі «палякамі з Літвы».
Прысутных у Вільні польскіх журналістаў, актывістаў і проста ўдзельнікаў цырымоніі здзівіў і абурыў вечаровы эфір галоўнай інфармацыйнай перадачы TVP1 «Wiadomości».
Дырэктарка тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўска-Гузы напісала ў Твітэры, што беларусаў там прадставілі «палякамі з Літвы»:
– Бываюць хвіліны, калі чалавека перапаўняе. Кім былі гэтыя людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі, якіх быў такі натоўп у Вільні, пытаецца ў мяне праз мэсэнджар калега з Гданьску. А я не разумею, чаму ён пытаецца. Сёння я паглядзела «Wiadomości« і ўжо ведаю. Мне было сорамна глядзець учорашнія навіны. Праз мяжу ў працоўны і халодны дзень прыехала маса беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі. А пра гэта не было ані слова. Было сорамна перад літоўцамі, якія арганізавалі ўрачыстасці, перад тысячамі беларусаў, якія прабіваліся праз мяжу і стаялі гадзінамі на моцным холадзе і якіх прадставілі «палякамі з Літвы«. Пасыл «Wiadomości« з учорашніх урачыстасцяў у Вільні мала таго, што не ўтрымліваў асноўных фактаў, якія былі бачныя няўзброеным вокам, дык выглядаў так, нібыта ў Польшчы кіруе «Канфедэрацыя« (нацыяналістычная кааліцыя ў Сойме Польшчы. – РС).
«Людзей трэба вучыць, што мы можам ганарыцца нашай супольнай спадчынай»
У інтэрв’ю Свабодзе дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўска-Гузы кажа, што польскія каналы не высылалі ў Літву сваіх карэспандэнтаў і амаль не асвятлялі перапахаванне ані да, ані падчас урачыстасці ў Вільні. І менавіта адсутнасць зацікаўленасці польскіх СМІ яна называе прычынай малой колькасці ўдзельнікаў цырымоніі з Польшчы.
«У Польшчы перакананыя, што ўсе героі – палякі. Шмат хто ня мае нават паняцця пра гісторыю Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў і што гэта была шматнацыянальная дзяржава. Я кажу не пра гісторыкаў, бо яны ўсё цудоўна ведаюць. Я маю на ўвазе папулярную гісторыю.
Як гэта ні дзіўна, пра шматнацыянальную гісторыю ведаюць ураджэнцы «Крэсаў«, людзі, якія адтуль паходзяць, і яны – хаўруснікі беларусаў. Ім не варта нічога даказваць. Гэта не яны крычаць пра польскія Крэсы. Але гістарычна так сталася, што Рэч Паспалітую як дзяржаву шмат хто называў Польшчай. Так было стагоддзямі, і па-за межамі дзяржавы. І сам Каліноўскі так казаў. Але паняцці змяніліся. Бяда ў тым, што палякі, як людзі з вельмі моцнай ідэнтыфікацыяй, атаясамліваюць старое паняцце са сваёй сучаснай дзяржавай. Гістарычна было інакш. Але людзі не маюць гістарычных ведаў. Людзі ў нас вельмі здзіўляюцца, калі чуюць, што першы пераклад Бібліі ў Рэчы Паспалітай быў не на польскую, а на «рускую« мову. Людзі проста гэтага не ведаюць. І ўрачыстасць у Вільні пацвердзіла кепскія веды гісторыі. Палякі – вялікія патрыёты. Але не ўсе яшчэ разумеюць, што калі нейкія героі прызнаюцца супольнымі, то мы іх не страчваем. Ніхто не можа забраць у палякаў Касцюшку, бо гэта была б гістарычная няпраўда. Людзей трэба вучыць, што мы можам ганарыцца нашай супольнай спадчынай».