Спачатку быў сведкам, а цяпер абвінавачаны па крымінальнай справе



Спачатку сведка, а цяпер абвінавачаны па крымінальнай справе паводле артыкула „Гвалт над супрацоўнікам міліцыі” Ігар Лазавік, гарадзенец, які вечарам 11 жніўня быў сведкам таго, як людзі ў чорным разбілі машыну таксі, а потым вывалаклі таксіста, моцна таго збіўшы.

Менавіта як сведка гэтых падзеяў выступаў Ігар Лазавік па крымінальнай справе, якую сфабрыкавалі супраць таксіста Аляксея Лапы. Дарэчы, Лазавік быў пасажырам таксі. Абодва трапілі ў шпіталь. У Лазавіка была чэрапна-мазгавая траўма.

За працэсам у Кастрычніцкім судзе Гародні назірае праваабаронца беларускага Хельсінкскага камітэта Раман Юргель:

– Калі  выступіў Ігар Лазавік сведкам па справе таксіста, потым ён паведаміў мне, што таксама заведзеная крымінальная справа і на яго. Быў выкліканы ў Следчы камітэт даваць паказанні. Сведкамі ў судзе выступаюць тыя самыя амапаўцы, якія выступалі сведкамі і па іншых справах, па іншым затрыманні. То бок яны затрымлівалі, і яны з’яўляюцца сведкамі. Але зараз ужо лепш падрыхтаваныя.

У доказах сваіх сведчанняў міліцыянты Серада, Абрамчык, Чарняўскі, Цырукоў, Русель не могуць прадставіць матэрыялы відэафіксацыі падзеяў. Адвакат  Ігара Лазавіка хадайнічаў да суддзі Віталя Лабоцкага сыскаць відэа матэрыялы фіксацыі. 

Кажа праваабаронца Раман Юргель:

– Хоць гэтая справа была прызначаная суддзі, які вядзе справу Аляксея Лапы, але старшыня суда вырашыў даць іншаму суддзі, які даволі пісьменна пачаў весці гэтую справу.

Працяг крымінальнага  працэсу над Ігарам Лазавіком пройдзе 8 лютага. А на гэтым тыдні мае працягнуцца яшчэ два крымінальных працэсы над мірнымі пратэстоўцамі. 4 лютага – над затрыманымі ля кінатэатра „Усход” 27 верасня летась, якія цяпер знаходзяцца пад вартай, а 5 лютага – над пяццю пратэстоўцамі, на якіх праз некаторы час была заведзеная справа за пратэсты  6 верасня летась.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя