Спачатку штраф за сцяг на балконе, потым – ператрус і падазрэнні „у экстрэмізме”



У жыхара Наваполацку Уладзіміра Аношчанкі 29-га сакавіка правялі ператрус і забралі ўсе кампутары.

Як патлумачылі гаспадару, праверку ягонага абсталявання праводзяць у межах крымінальнай справы, распачатай за “пагрозу здзяйснення акту тэрарызму”. Справу распачалі яшчэ ў снежні мінулага году, калі паблізу ад чыгуначнай станцыі Адамава ў Полацкім раёне нібыта быў знойдзены “прадмет з прыкметамі самаробнага выбуховага прыстасавання”. Аргтэхніку абяцалі вярнуць пасля праверкі “на экстрэмізм”, але дагэтуль не вярнулі, кажа спадар Аношчанка:

– Пахадзілі па кватэры, імітуючы, што шукаюць бомбу. На самой справе забралі мой кампутар і кампутар сына, які з кампутарам працуе. Сказалі “Мы праверым на экстрэмізм” і павяртаем. І чамусьці нічога не адбываецца. Зараз пакорпаюцца ў кампутарах і што заўгодна могуць там выкапаць…

Паводле Уладзіміра Аношчанкі, пра “прадмет з прыкметамі выбуховага прыстасавання” цяпер распытваюць шмат каго з мясцовых актывістаў, выклікаючы іх на допыты ў следчы камітэт або пракуратуру. Ператрусы праводзяць пераважна ў тых, хто быў заўважаны на мірных пратэстах і пакараны за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Уладзіміра Аношчанку таксама штрафавалі на 25 базавых велічынь “за аднаасобны пікет” –за тое, што ён вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на ўласным балконе. Гаспадар сцяга спрабаваў аспрэчыць пакаранне ў Віцебскім абласным судзе, але яго скаргу пакінулі без задавальнення.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск